Слухай сваё і сваіх

28 сакавіка 2008, 22:49

- Прывітанне, сябры!
Мы вітаем тых, хто зараз з намі, хто знайшоў час, каб правесці гэтыя паўгадзіны разам з беларусамі Латвіі.
Прыкладна так пачынаецца беларускамоўная радыёпраграма таварыства “Сьвітанак”, якая з 1989 года гучыць на канале “Домская площадь” Латвійскага Радыё-4.
Наша перадача не толькі для беларусаў і пра беларусаў, але для ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай, і проста намі – суседзямі-беларусамі.
 
Мы імкнемся расказаць нашам слухачам пра самыя галоўныя падзеі ў жыцці не толькі сталічных беларусаў, але і нашых землякоў з Даўгапілсу, Вентспілсу, Ліепаі, іншых мясцін Латвіі, дзе існуюць беларускія таварыствы.
Мы радыя кожнай сустрэчы з цікавымі людзьмі, “тутэйшымі” беларусамі і нашымі гасцямі. І радыя, што можам пазнаёміць з імі і нашых слухачоў.
Наша праграма - гэта і магчымасць паслухаць сваю беларускую музыку, народную і сучасную, у выкананні самадзейных артыстаў і прафесійных калектываў.
 
Мы спадзяемся, што ў будучыні Вы зможаце паслухаць, як спяваюць родныя песні і беларускія гурты з Латвіі, пакуль што яны ў нас цалкам аматарскія. Але хто ведае, можа з цягам часу нашы самадзейныя спевакі ў Рызе заспяваюць гэтак, як напрыклад, беларускія “Прымакі” з Беласточчыны. Гэтых спевакоў для нас адкрыла старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак, якая пазнаёмілася з гуртам, калі па запрашэнню польскіх беларусаў гасціла на Беласточчыне.
 
Спачатку гарадоцкія “Прымакі” з’явіліся ў нашым эфіры, а потым і ў нашай латвійскай сталіцы. Беларускія артысты з Польшчы стрымалі слова, дадзенае Таццяне, і прыехалі ў Рыгу на святкаванне 85-х угодкаў абвяшчэння БНР.
Спявала і таньчыла з “Прымакамі” ледзь не ўся беларуская Рыга. І не толькі Рыга. Потым быў цудоўны канцэрт у Вентспілсе.
“Засумавалі па сваіх”, – такую кароткую выснову зрабіла пасля канцэрта зямлячка, журналістка Валянціна Грыбоўская з горада Ліепаі і падзялілася сваімі ўражаннямі на старонках не адной газеты.
Сапраўды, беларускія музыкі не такія частыя госці ў нас, як, напрыклад, у суседняй Летуве. А калі госці з’яўляюцца, то становяцца добрымі сябрамі. Такімі, напрыклад, як гурт беларускай сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” з Менску.
 
Знаёмству з гэтымі музыкамі мы абавязаны таксама паездцы старшыні “Сьвітанка” Таццяны Казак. У той раз яна вярнулася з Вільні, дзе ладзілі сваю канферэнцыю беларусы Балтыі, і дзе выступаў гурт “Стары Ольса”. Так менчукі з’явіліся спачатку ў нашай радыёпраграме, а потым прыехалі і ў Рыгу, дзе прымалі ўдзел у святкаванні пятнаццацігадовага юбілею “Сьвітанка”. З таго часу сярэднявечныя кампазіцыі і песні ў выкананні гурту “Стары Ольса” не раз гучалі ў латвійскім радэёэфіры.
 
На жаль, фармат нашай радыёпраграмы вельмі абмежаваны, і мы не маем магчымасці даць у эфір усе тыя песні, якія даспадобы і нам, і нашым слухачам. Так, я ведаю, што на нашым расейскамоўным канале карыстаецца папулярнасцю тая ж “Крамбамбуля”, але і яна гучыць не так часта, як хацелася б.
У вас, шаноўныя наведвальнікі нашага сайта, ёсць магчымасць слухаць гэтыя песні без усялякіх абмежаванняў. Спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні наша музычная фанатэка значна папоўніцца. Будзем слухаць сваіх і сваё. Бо я ў сваю чаргу спадзяюся, што прыйдзе час і Вы зможаце пазнаёміцца з нашай праграмай не толькі ў эфіры Латвійскага Радыё, але і непасрэдна на гэтым сайце.
 
А пакуль што слухайце нас кожную трэцюю сераду месяца на хвалях канала “Домская площадь” у 14 15.
Я ж развітваюся з Вамі , але спадзяюся на хуткую сустрэчу. І таму кажу 
- Да спаткання! Цяпла, святла і згоды
зычыць Вам
аўтар і вядучая праграмы Таццяна Касуха
 
Слухай таксама радыёперадачу таварыства "Сьвітанак" 
у Інтэрнэце  на сайце www.lr4.latvijasradio.lv

Latvijas Radio 4 - Doma laukums,

кожную трэцюю сераду месяца на хвалях канала “Домская плошча” у 14 15

у архіве даступныя ўсе радыёперадачы з ліпеня 2004 года 

 
 
Слухай сваё на беларускіх музычных сайтах:
 
 
Слухай сваё на беларускай мове:
 
Чытай сваё ў Інтэрнэце:
 
 
 
Шукай сваіх у розных краінах свету:
 
 


Сайты беларускай дыяспары

Інфармацыя пра сайты дыяспары паводле  www.zbsb.org

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta