Беларускi дзень у рыжскiм музеi

04 лютага 2009, 10:31

/images/0000/0096/_bebri.jpg

13 красавiка 2003 года Латвiйскае таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” у самым цэнтры Старой Рыгi – Доме Менцэндорфа ладзiла дзень беларускай культуры. Дом Менцэндорфа – гэта дом-музей багатага рыжанiна, якi знаходзiцца ў прыгожым трохпавярховым будынку 18-га стагоддзя, назву мае ад прозвiшча апошняга ўладальнiка на пачатку мiнулага стагоддзя. Iнiцыятарамi правядзення свята выступiлi сённяшнiя гаспадары Дома Менцэндорфа – супрацоўнiкi музею. Кiраўнiцтва ЛТБК “Сьвiтанак” заўсёды з радасцю адгукаецца на падобныя прапановы, бо яны даюць цудоўную магчымасць чарговы раз нагадаць аб нашай беларускай прысутнасцi ў Рызе, магчымасць прапагандаваць нашую непаўторную, мiлагучную мову, песнi, традыцыi, багатую культурную спадчыну. На гэты раз “сьвiтанкаўцы” падрыхтавалi дзве выставы: экспазiцыю беларускiх кнiг i выставу вырабаў беларускiх майстроў. Беларуская народная творчасць была прадстаўленая вырабамi з лазы, саломкi, дрэва, керамiкi, вышыванкамi i карункамi. Асаблiвую цiкавасць наведвальнiкаў выклiкалi нашыя цудоўныя рушнiкi, паясы, коўдры, посцiлкi, вытканыя ў мiнулым стагоддзi матулямi i бабулямi рыжскiх беларусаў, захаваныя для нашчадкаў. Сярод беларускiх кнiг можна было ўбачыць даволi рэдкiя i каштоўныя, напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне Бiблii, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах у трох тамах, прыгожыя альбомныя выданнi, розныя кнiгi з аўтографамi беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў з прыватных калекцый арганiзатараў выставы. Частку сувенiраў i кнiг для выстаў арганiзатарам свята далi для паказу ў музеi дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі.

/images/0000/0098/_Dom_Mencendorfa2.jpg

Пачалося свята знаёмствам публiкi з гicторыяй iснавання беларусаў на тэррыторыi сучаснай Латвii, з гicторыяй беларуска-латышскiх сувязяў. Аб гэтым, а таксама аб сучасным жыццi нашае дыяспары, дзейнасцi беларускiх суполак у Латвii, працы беларускай школы ў Рызе распавядалi аўтарка гэтых радкоў, старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” Вячка Целеш, аўтарка кнiгi “Беларусы ў Латвii” прафесар Латвiйскага Унiверсiтэту Iлга Апiнэ, рэдактар газеты “Прамень” Алесь Карповiч. Аб важнасцi латышска-беларускiх культурных сувязяў i неабходнасцi iх пашырэння выказалiся Саветнiк па нацыянальных пытаннях Прэзыдэнта Латвiйскай Рэспублiкi Ольгерт Тыпанс i Першы сакратар Амбасады РБ у Латвii Дзмiтрый Шкурдзь, а старшыня Асацыяцыi нацыянальных культурных таварыстваў Латвii Рафi Хараджанян адзначыў, што ЛТБК “Сьвiтанак” з’яўляецца зараз адным з найактыўнейшых таварыстваў, якiя ўваходзяць у асацыяцыю.
Адна з частак свята была прысвечаная беларускай кухнi. Акрамя “тэарэтычнага” знаёмства з своеасаблiвасцямi i традыцыямi нашай кухнi, гасцей чакала дэманстрацыя прыгатавання беларускiх дранiкаў на старажытнай печы ў музеi, усiх прысутных таксама частавалi загадзя прыгатаванымi Таiсiяй Бачкаровай дранiкамi з смятанаю, цыбулькаю, шкварачкамi, рознымi полiўкамi. А потым больш як дзве гадзiны працягваўся канцэрт. Сучасныя i народныя беларускiя песнi спявалi дзяўчаты з гурта “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы, спявачкi Ганна Крупская, Iлона Варатнiкова, вакальны гурт таварыства “Сьвiтанак” разам з салiсткамi Аляксандрай Ларыёнавай i Галiнай Уласенка. Вельмi цiкаваю была спецыяльная экскурсiя па шматлiкiх пакоях музею, арганiзаваная гаспадарамi для удзельнiкаў канцэрту i арганiзатараў свята.

/images/0000/0100/_Dom_Mencendorfa1.jpg

/images/0000/0102/_Dom_Mencendorfa3.jpg

Таццяна Казак
На здымках:
спявае гурт "Вавёрачка" Рыжскай беларускай асноўнай школы;
падчас экскурсіі па музею
дэманстрацыя прыгатавання страў беларускай кухні;
арганізатары дня беларускай культуры: cупрацоўнікі музею і гурт "Сьвітанак".

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta