Барыс Кастаненка

30 студзеня 2009, 12:50

Барыс Кастаненка
(6.07.1932–6.05.1999)

На жаль, невядомы грамадскасці таленавіты беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў.
/images/0000/0114/_Image10.jpgНароджаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.


Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў.
У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час.
У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.


“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).


Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск).
Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”.
Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах.
Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.


/images/0000/0116/_Image57.jpgРана адчуты хлопцам смак мастацкага слова, захапленне літаратурай, перад усім паэзіяй (пад уплывам сваёй маці Анны Якімаўны, якая працавала настаўніцай у пачатковых класах), набылі ў Смаргонях рэальныя формы. Старшакласнікі Лёня Сосна, Міхась Царык, Антон Субач, Жора Янчуковіч, Арсень Ліс арганізаваліся ў літаратурны гурток. Паседжанні праводзілі ў цокальным памяшканні пры бібліятэцы, або на кватэры ў Ігара Фёдаравіча, на вуліцы Крэўскай. Барыс Кастаненка стаў неўзабаве лідэрам гэтай нефармальнай групы. Хлопцы выдавалі рукапісны часопіс “Родны край”, пазней, па ініцыятыве Барыса, перайменаваны ў “Росквіт”. Гэта была звычайная юначая спроба пяра, але шчырая, гарачая, з чытаннем уласных твораў і спрэчкамі, пераважна літаратурнага характару. Быў выезд у Маладзечна, дзе пры абласной газеце існавала сталае літаратурнае аб’яднанне, кіраванае выкладчыкам літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, пазней вядомым беларускім гісторыкам і мысляром Міколам Ермаловічам. Вершы і апавяданні смаргонскіх літаратараў аналізаваліся Мікалаем Іванавічам, спецыялістам-філолагам па законах літаратуразнаўства, ўважліва і зычліва. Падборка вершаў Барыса Кастаненкі была надрукавана ў абласной перыёдыцы і гэта, вядома, акрыляла маладога паэта, годам пазней ён стаў удзельнікам ІІІ з’езду маладых паэтаў Беларусі, аб якім ён вельмі цёпла напісаў у сваім штодзённіку. Яго кансультаваў сам П. Броўка. У Смаргонях Барыс спасцігаў і такія фундаментальныя праявы жыцця, як сяброўства, каханне, вернасць. Там ён выбраў і спадарожніцу ўсяго будучага свайго жыцця, жонку, маці яго дзяцей, спадарыню Карыну.
Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.


/images/0000/0118/_Image13.jpg

Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы:
Ты прада мною ціхае, жывое,
Ды толькі больш люблю шум грозны твой.
Я сам даўно не ведаю спакою,
І не патрэбны нейкі мне спакой!
Я далячынню велічнай, прыгожай
Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць.
У моры я паэзію знаходжу,
У паэзіі мне мора не забыць!


У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі.
Лёс марскі на шлях багаты…
Колькі ўспенена хваль вінтамі.
Ды пад спёчным далёкім небам
Мроіў я тваімі барамі…


Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай:
Зноў латышскія сосны гудуць нада мной/images/0000/0120/_Image12a.jpg
Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой…
І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?
Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў,
Над усім хараством гэтым цудным узняў,
Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём,
І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў.
Над табою б латышскія сосны гулі,
Белы ветразь убачыла б ты ўдалі,
І марскія ласкавыя ветры табе
Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б…
Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве,
Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе.
Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў,
Зразумела б ты цёплыя словы мае.
Толькі ты так далёка… Шугае прыбой.
І латышскія сосны гудуць нада мной.
На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..


Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна.
Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку:
“…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…”
І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша:
Я значнага яшчэ не напісаў…
Заняткам іншым час свой аддаваў.
Другія хлопцы ладней пішуць вершы,
І мне не быць у іх кагорце першым.


Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка.
Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску:
Я неба кветнікам назваў,
Зор карнавал я ўслаўляў.
Пачуў: напышлівасці многа.
Спяваў сустрэчы, боль разлук.
Каханне, слодыч яго мук.
Пачуў: няма маралі строгай,
Багата прысвяціў радкоў
Вясне, рамантыцы шляхоў.
Пачуў: у іх няма нічога.
Сваю душу перагартаў,
Аб сваім лёсе заспяваў.
Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.


У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:

/images/0000/0122/_Image9a.jpg

Я на рацэ ўважлівы такі:
Стаяць на правым беразе ракі
Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед,
Даўно пакінуўшыя гэты свет.
І не палохаюцца бур ліхіх.
Як я жыву? – адно пытанне ў іх.
На левым беразе ракі стаяць
Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць
Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё,
Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё
І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх.
Як я жыву? – Адно пытанне ў іх.
Яго я часта задаю сабе.
Маё жыццё – рака ў барацьбе,
Пакуль яно імкне ў берагах,
Плыву па ёй, перамагаю жах.
Як я жыву? Плыву ці ўперад я?
І занясе куды рака мая?
Вось бачу бераг правы я, круты.
Яшчэ рывок – і траплю я туды.
Мінуўшчына спакою не дае.
Цячэ рака, цякуць гады мае.
Вось бераг левы – да яго рух мой,
Святло і цемру рэжу я рукой.
Між будучым і днём ужо былым
Так і жыву ў часе я сваім.


Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі.
Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі.
Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў.
Слов значимость учусь я ощущать, /images/0000/0124/_Image17a.jpg
Чтоб радугу цветов в них различать,
В единый сплав мысль с чувством
совмещать,
Сплетая в кружева простую нить.
Моя судьба моих творенье рук
И зависти к удачным в жизни нет.
Я разорвал привычный серый круг,
Во мне и увяданье и расцвет.
Во мне единство – радость, боль моя.
В душе противоречий до краев.
Я – быстрый ветер, и изменчив я,
Объять и ощутить я все готов.
Вот тишина и вдруг – весенний гром,
Снег падает, а вот звенит капель.
Я – все созвучья, что звенят кругом.
Я – глубина. Но вдруг я только мель


Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў:
“Праехаў я мой край ва ўсе бакі,
І на душы зрабілася так горка,
Бо лічаць нават нашы землякі
Купалы мову брыдкаю гаворкай”.


Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна:
“Памёр чалавек… Што ад яго засталося?
Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”…
Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках:
Каб ты не піў і не смаліў,
Сто год пражыў бы на зямлі.
У табе такі жыцця запас,
Што падуладны табе час.
Я грэшны: чарку паважаў
І цыгарэты не кідаў.


Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”.
У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.

Арсень Ліс.

Барыс Кастаненка. Выбранае.

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta