Карцін святочны феерверк

15 снежня 2016, 10:14

 Выставай "Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі" адзначыла свой 25-гадовы юбілей у Рызе вядомая творчая суполка "Маю гонар"

-

На святочным вернісажы выступае кіраўнік суполкі Вячка Целеш (злева)

Творчыя почыркі ў супляменнікаў, што стварылі ў 1991 годзе ў Рызе Аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", самыя розныя. Аднак усе яны маюць гонар належаць да беларускага свету. І не хаваюць таго, жывучы ў Эстоніі, Латвіі, Літве ці Швецыі. З нагоды юбілею суполкі яны і зладзілі выставу ў галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Вернісаж быў 17 лістапада.

Старшынюе ў аб'яднанні па-ранейшаму Вячка Целеш: мастак, даследчык беларускай гісторыі, культуры і мастацтва, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек вялікай душы і вялікай адказнасці за справу, якой даўно займаецца. Дзякуючы яму ды ягоным паплечнікам і зладзілася прыгожая, цёплая імпрэза. Свята сабрала як мастакаў, так і аматараў мастацтва, якім блізкая да таго ж беларуская мова, нашы песні. Сімвалічна, што вернісаж прайшоў напярэдадні 98-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай дзяржавы: дзень 18 лістапада - светлы і святы для кожнага грамадзяніна Латвіі. Карціны беларускіх мастакоў - гэта як святочны феерверк, прыгожы падарунак Латвіі.

На выставе сабраны творы 23-х мастакоў суполкі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, фотамастацтва. Латвію прадстаўляюць Ганна Пейпіня, Надзея Ізянёва, Аліна Літвіненка, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Алена Раманенка, Вольга Кажамяка, Ірына Кароль, Тамара Насенка, Людміла Жэлабоўская, Алена Ціхамірава, Васіль Малышчыц, Анатоль Ермаковіч, Пётр Худабчонак, Лявон Маствілішскі ды Вячка Целеш. З Літвы - працы Алега Аблажэя, які, на жаль, сёлета адышоў у іншы свет. Яго творы, а таксама свае на выставу прывезла Крысціна Балаховіч. З Эстоніі прынялі ўдзел у выставе Маргарыта Астравумава, Генадзь Курлянкоў і Людміла Прыбыльска, са Швецыі - Кацярына Осберг і Ян Кузміцкі.

Звычайна святы ўпрыгожваюцца жывымі кветкамі, на якія Рыга вельмі шчодрая. І падалося мне пад час вернісажу: на нейкі момант хораша паядналіся кветкі віншаванняў у руках мастакоў і кветкі на палотнах, жыццё якім далі працавітыя пэндзлі. У кожным позірку ўдзельнікаў імпрэзы ззяла ўдзячнасць за падараванае свята, за сустрэчу з высокім мастацтвам, а яшчэ й гонар за нашу агульную Радзіму-Беларусь.

Як і належыць, госці прыйшлі з падарункамі. Музычнае віншаванне прысвяціў мастакам маэстра Рафі Хараджанян, гаспадар у галереі. Упрыгожыў свята і Алесь Камоцкі з Мінска - паэт, спявак, сябар Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Ён спяваў вядомы раманс "Зорка Венера" на верш Максіма Багдановіча, іншыя цудоўныя творы. Алесь зачытаў віншаванне, якое даслала юбілярам "Бацькаўшчына". Выставу не пакінула без увагі Амбасада Беларусі ў Латвіі: з віншаваннем і пажаданнем творчых поспехаў звярнуўся да мастакоў Аляксандр Сушкевіч, Першы сакратар Амбасады. Віншавалі мастакоў сябры, знаёмыя: ад Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" - старшыня суполкі Ірына Кузміч, ад супляменнікаў Даўгаўпілса - кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Пры падтрымцы Мінкультуры Латвіі, рыжскай Думы, беларускіх прадпрымальнікаў да юбілею выйшаў цудоўны буклет, яркая афіша, былі разасланыя прыгожыя запрашэнні.

Увесь вечар у святочнай зале панаваў прыўзняты настрой, гучала музыка. Час праляцеў хутка, ды сябры не хацелі разыходзіцца. Былі да месца размовы, песні, мары, святочныя напоі ды найсмачнейшыя ў свеце дранікі. А заключным акордам вечарыны прагучалі родныя песні ў выкананні гурта "Вытокі".

Дарагія мастакі, з юбілеем вас! Здароўя вам, гармоніі ў душах, і мноства светлых колераў у палітры вашых жыццяў, і мноства прыемных паўтонаў у палотны вашых лёсаў!

Ганна Іванэ, дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

Голас Радзімы № 47 (3503), чацвер, 15 снежня

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta