Райнісу - 150! Пашанцавала на ... Райніса

13 кастрычніка 2015, 09:51


Пашанцавала на ... Райніса
Дзе станцыя Бігосава з асеннімі нябёсамі,
з паглядам Яна Райніса
у рыжскім цягніку?
Мяжою не параніцца. Тут узлажыла раніца
мне промні на руку: ад Яна - дружбаку.


Споўнілася 95 гадоў з таго часу, як некалька паветаў Віцебскай губерні былі перададзены Латвійскай дзяр;аве. Адрыў радні? Абрыва не здарылася. Больш як 70 тысячам беларусаў на Дзвінскім, Люцынскім, Рэжыцкім сумежжах пашанцавала на ... Райніса.

Гэты творца нарадзіўся на латгальскай зямлі, дзе яго маці Дарта Пліекшанэ з роду Грыкоўскіх перадала Жаныню маўлене беларускіх народных песень, багатыя скарбы фальклору. Яніс Райніс узгадваў у сваіх творах і гуда Нядзвецкага, свайго выхаванца (дзядзьку), які ўмеў гудзець на дудзе. Гудамі называліся майстры, умельцы. Даўней на літоўска-латвійскім памежжы і прызыўка ў беларусаў была такая: гуды. Так што ад нашчадкаў крывічоў будучы народны паэт Латвіі ўзбагаціўся многімі скарбамі духоўнай культуры. А ў лёсавызначальны час стаў апекуном латгальскіх беларусаў.


Былі перажыванні, калі 11 жніўня 1920 года частка Віцебскай губерні стала латвійскай тэрыторыяй. Райніс, на той час дырэктар Нацыянальнага тэатра, 18 жніўня 1921 года выслухаў усе спадзяванні прадстаўнікоў беларускага насельніцтва. І ўжо 13 верасня таго года дзякуючы яго падтрымцы быў створаны пры Міністэрстве асветы Беларускі аддзел. На пасаду кіраўніка школьнымі справамі запрасілі педагога Сяргея Сахарава. Інспектарам школьных спраў стаў заснавальнік таварыства "Бацькаўшчына" Канстанцін Езавітаў. У 1922 годзе паўсталі гімназіі ў Даўгаўпілсе і Лудзэ. Зноў жа з дабраславення Райніса па ўсёй краіне пачалі працаваць 50 беларускіх пачатковых школ.
Высокая павага да свайго абаронцы апавясцілася такім прырадненнем: у 1922 годзе дырэктар Нацыянальнага тэатра быў абраны ганаровым сябрам культурна-асветнага таварыства беларусаў Латвіі "Бацькаўшчына".


Важнейшай задачай гэтага таварыства, а пазней створанага выдавецтва было насычэнне, і ў першую чаргу латышскага грамадства, весткамі пра духоўны стан беларускай нацыі: трэба ж паказаць свае набыткі дзяржаве, у якой жывеш. Я знайшоў дзве публікацыі ў "Штомесячніку Міністэрства Адукацыі" (№ 2 і № 7 за 1923 год). У першым допісе пад назвай " Канферэнцыя беларускіх настаўнікаў", якая праходзіла ў канцы 1922 года, пазначаны поспехі педагогаў, і што "...асабліва ў Даўгаўпілскім павеце навідоку добразычлівыя адносіны жыхароў да сваёй нацыянальнай школы, дзе навучанне ідзе на роднай мове".
"Удзельнік канферэнцыі",-- такі стаіць подпіс пад артыкулам у латышскім часопісе, чытачы якога даведалі пра клопаты беларускіх педагогаў. А гэта самаарганізацыя настаўнікаў, стварэнне фондаў культуры, свайго выдавецтва, школьных кааператываў.


Для запаўнення вакансій у Латвіі сталі працаваць беларускія настаўніцкія курсы. На пасады выкладчыкаў былі запрошаны Ігнат Дварчанін, Паўліна Мядзёлка і выгнаны з Вільні Максім Гарэцкі. А каб у Міністэрстве адукацыі ведалі пра Гарэцкага-творцу, у часопісе аўтар Кастусёнак (псеўданім К. Езавітава) змясціў арыгінальны тэкст пра яго кніжную навінку. Пераклады абодвух тэкстаў зрабіла Ніна Янсанэ (яе згадкі "Помню свой мацярык: там сонца па зямлі хадзіла" былі надрукаваны ў "Краязнаўчай газеце", № 42, 2013 г.)
Ніна Янсанэ прераклала з латышскай мовы і даследаванне Матыльды Езавітавай "Кароткі агляд старадаўняй беларускай культуры і літаратуры", апублікаванае ў часопісе "Домас" ("Думкі", №№6,7 за 1929 г.) Хай спраўдзяцца спадзяванні, што і гэты артыкул паспеў прачытаць вялікі сябар і абаронца беларусаў, якога не стала 12 верасня 1929 года.

 11 верасня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння Яніса Райніса, творчую спадчыну якога вельмі шануюць у Беларусі. Згадаю такі факт. У серыі "Скарбы сусветнай літаратуры" быў выдадзены том "Ян Райніс. Выбранае", для якога падрадковыя пераклады вершаў латышскага класіка зрабіла ўжо згаданая Ніна Янсанэ, мая сястрыца. У райнісаўскую скарбніцу вялікі ўнёсак зрабілі кавалеры ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха. Пра Жаныня і яго апекуна дудара Нядзвецкага калісьці напісала цікавае апавяданне Саўлцэрытэ Віесэ, дырэктар Музея гісторыі літаратуры і мастацтва імя Райніса. Пераклад яго, зроблены Нінай Янсанэ з роду Панізьнікаў, чакае публікацыі.


Вось і гэтыя мае нататкі - толькі маленькія іскрынкі да асвячэння магутнага вобліку класіка латышскай літаратуры, які і сёння шчаслівіцца ў спарадненні з творчым мацерыком беларусаў.


Сяргей Панізьнік, кавалер ордэна Трох зорак Латвійскай Рэспублікі.

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta