"Беларускія ўражанні" ў горадзе Балві.

02 снежня 2014, 19:31


Латвійскі горад Балвi знаходзіцца на паўночным усходзе Латвіі, далей ад беларускай мяжы, ён бліжэй да мяжы з Пскоўшчынай, амаль за 200 км ад Рыгі. Беларусаў тут амаль няма, адзінкі, у гэтым латгальскім горадзе больш чуваць латгальскую, латышскую ды расейскую мовы. Не гледзечы на гэта, мясцовы музей быў зацікаўлены сустрэць тут беларускіх мастакоў і адкрыць 8 лістапада 2014 г. выставу "Беларускія ўражанні", паказаць жыхарам горада Балвi 40 твораў сябраў Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". 


Музей месціцца ў адным з будынкаў старога маёнтка XIIIV стагоддзя, на вуліцы Брывібас, на беразе возера. Адносна некаторых іншых музеяў Латгаліі, дзе ладзіліся выставы "Маю гонар", будынак музея ў горадзе Балвi адрэстаўраваны і аформлены па сучаснаму еўрапейскаму праекту. Менавіта дзякуючы гэтаму, а таксама мастацкаму густу куратаркі выставы фотамастачкі Дацэ Тэйлане, экспазіцыя з невялікімі памерамі прац мастакоў аб'яднання "Маю гонар" вельмі добра і гарманічна ўпісалася ў інтэр'ер выставачнай залі.


Адкрыццё выставы "Беларускія ўражанні" пачалося з выступлення супрацоўніцы музея мастачкі Астры Лочмеле-Амбаравай, якая праспявала латгальскія песні пад акампанемент сваёй гітары. Пасля музычнага ўступлення дырэктарка музея Івэта Супэ і мастакі запалілі свечкі на вялікіх падсвечніках, якія афармлялі інтэр'ер залы. 


Потым адбыліся выступы дырэктара музея спадарыні Івэты Супэ, куратаркі выставы і мастакоў, беларускія творцы таксама праспявалі на роднай мове песню "Цячэ вада ў ярок" пад акампанемент гітары мастачкі Алены Раманенкi. Гаспадары віншавалі мастакоў не толькі кветкамі, яны атрымалі прыгожа надрукаваны каталог выставы, а таксама па слоічку цудоўнага латгальскага яблычнага варэння. 


Пасля святочнага стала супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю, прысвечаную гісторыі горада Балві і края, этнаграфіі латгальцаў, дзе можна было бачыць шмат агульнага як для латгальцаў, так і для беларусаў, асабліва ў арнаменце, строях і драўлянай архітэктуры, гэта падкрэслівалі і самі супрацоўнікі музея. Далей у праграме сустрэчы было знаёмства з горадам, дырэктарка музея зрабіла для беларускіх мастакоў цікавую экскурсію. Пабылі ў старым гарадскім "Мядзведзевым парку", дзе сабрана з наваколля краю калекцыя 49 камянёў-валуноў, што вышэй за чалавека, пагулялі па старым горадзе, агледзелі яго помнікі архітэктуры, лютаранскую бажніцу і рымска-каталіцкі Свята-Троіцкі касцёл. Па просьбе Івэты Супэ мясцовы каталіцкі святар Мартыньш Клуш спецыяльна прыйшоў і адчыніў касцёл, каб паказаць яго ўнутранныя ўпрыгожванні. Наведалі мы таксама і Цэнтр сакральнага мастацтва, дзе экспанавалася выстава жывапісу і графікі латгальскага мастака Пэтэрыса Джыгурса, сакурсніка і сябра аўтара гэтых радкоў. 

Знаёмства з чарговым горадам Латгаліі дало беларускім мастакам дадатковую цікавую інфармацыю аб людзях, іх культуры, аб зямлі дзяржавы, у якой жывуць цяпер беларускія творцы. А іх выстава, адкрытая тут у шэры лістападаўскі дзень, сваімі творамі, сваёй рознакаляровасцю фарбаў прынесла наведвальнікам светлыя і цёплыя ўражанні вясны і лета і добрасуседскія адносіны паміж прадстаўнікамі двух народаў, якіх злучае адна рака Даўгава - Дзвіна.

Выстава ў Балвскім музеі будзе працаваць да студзеня 2015 г., на ёй прадстаўлены працы жывапісу і графікі: Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Алены Ціхаміравай, Тамары Насенкi, Вячкі Целеша, Аліны Літвіненкi, Алега Аблажэя, Ганны Пейпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Вячаслава Лаўрыновіча, Надзеі Ізінёвай і Яна Кузміцкага.

Вячка Целеш,

кіраўнік Аб'яднання беларусаў-мастакоў "Маю гонар"

На здымках:

-

Выставу адчыняе дырэктарка музею Івэта Супэ

-

Мастакі запальваюць свечкі

-

Гасцей імпрэзы вітае мастачка Астра Лочмелэ-Амбарава

-

З мастачкай Ірынай Трумпель-Сабалеўскай госці выставы з Санкт-Пецербургу
 

-

Мастак Васіль Малышчыц ля сваіх карцін

-

Беларуская народная песня "Цячэ вада ў ярок" у выкананні мастакоў

-

Мастачка Алена Раманенка ля сваіх карцін

-


-

У цэнтры сакральнага мастацтва

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta