Літаратурная сустрэча на Дзяды ў Рызе

12 лістапада 2014, 09:39

 

Прыйшлі Вялікія восеньскія Дзяды. І ў нашым таварыстве не забыліся: Дзяды, у адрозненне ад Радаўніцы, ахопліваюць Памяцьцю ня толькі памерлых з блізкай радні, а ўсё тонкае палатно нашых повязяў з папярэднікамі, што жылі на гэтай зямлі, - у розныя часы і розных мясцінах. Таму на восеньскія Дзяды «сьвітанкаўцы» запалілі памінальныя свечкі і ўсклалі кветкі да магіл выбітных латвійскіх беларусаў - Сяргея Сахарава і Янкі Кабановіча.

А літаратурную сустрэчу, на якую «Сьвітанак» запрасіў у гэты дзень сваіх сяброў, распачалі таксама з добрай традыцыі, якую шануюць беларусы ва ўсім свеце - з малітвы за ўвесь беларускі народ «Магутны божа». І запалілі свечкі ў знак памяці і павагі да продкаў нашых, як робіцца ва ўсім свеце.

Пачалася літаратурная сустрэча з прэзентацыі энцыклапедычнага даведніка «Сузор'е беларускага памежжа», які быў выдадзены ў 2014 г. у Мінску. Матэрыялы для гэтай унікальнай кнігі збіраліся на працягу  15 гадоў. Рэдактар даведніка -  вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, перакладчык, прафесар Адам Мальдзіс. Кнігу прэзентавалі пісьменнік Сяргей Панізнік і мастак Вячка Целеш, якія таксама ўнеслі свой унёсак у стварэнне гэтай кнігі - падрыхтавалі шэраг публікацый.


Энцыклапедыя змяшчае больш 1650 прозвішчаў беларусаў, сярод іх і сябры латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», і Аб'яднання беларусаў-мастакоў «Маю гонар», і прозвішчы тых беларускіх дзеячоў Латвіі, якія рупіліся на беларускай ніве яшчэ больш стагоддзя таму. Пятро Масальскі, аўтар кнігі казак «Добрыя лекі», як раз з гэтай кагорты.

Пераклады латышскіх народных казак на беларускую мову былы выпускнік Люцынскай беларускай гімназіі П. Масальскі (літаратурны псеўданім Пятро Сакол) пачаў рабіць яшчэ ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. За гэты час толькі пяць яго перакладаў латышскіх казак былі надрукаваныя ў зборніку «Латышскія народныя казкі» ў 1994 годзе. Амаль стагоддзе творчая спадчына беларускага паэта П. Масальскага, самабытнага прадстаўніка пісьменніцкай кагорты беларусаў Латвіі, чакала свайго часу. І нарэшце ў мінулым годзе ў беларускім выдавецтве «Мастацкая літаратура" ў серыі «Казачны свет» выйшла яго кніга латышских народных казак на беларускай мове "Добрыя лекі".

Як нагадаў слухачам Сяргей Панізнік, а менавіта ён быў укладальнікам кнігі, Пятро Масальскі працаваў над перакладамі ў даволі сталым узросце, калі і сэрца нагадвала пра сябе, і ногі адмаўляліся трымаць. Але ж справу сваю ён дарабіў! Яшчэ і жартаваў у лісце, называў сябе старым летуценнікам і казаў: «Цікава мне, як будуць у выдавецтве лаяць мае пераклады: на роднай мове ці па-руску?" А яшчэ Сяргей Сцяпанавіч прыгадаў самыя цікавыя факты з біяграфіі Пятра Сакола. У наступным годзе споўніцца  110 гадоў з дня нараджэння паэта і фалькларыста Пятра Масальскага. Гэта яшчэ адна нагода ўспомніць імя беларускага творцы, народжанага за межамі Беларусі, але адданага ей.

Прыйшла на свята і нявестка Пятра Масальскага спадарыня Галіна Масальская. Яна падзялiлася сваiмi ўспамiнамi аб тым, як дапамагала свёкру падчас перакладаў латышскiх дайнаў, займалася картатэкай, як iншым разам яны працавалi i да трэцяй гадзiны ўначы. Галіна Інакенцьеўна адмовілася ад ганарару, які прызначаўся сям'і Масальскага, замест іх яна папрасіла выдавецтва «Мастацкая літаратура» вылучыць кнігі "Добрыя лекі". Спадарыня Галіна прыняла рашэнне падараваць гэтыя кнігі Рыжскай Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы.

"Добрыя лекі" - гэта першая дзіцячая латышская кніга, якая была выдадзена ў Беларусі за апошнія 20 гадоў, трапна заўважыла пісьменніца Алена Масла, рэдактар кнігі «Добрыя лекі.» І вельмі хацелася б, каб не апошняя. Бо менавіта выданне такіх кніг з'яўляецца самым дзейсным сродкам на шляху ўмацавання міжкультурнага дыялогу.

Калі Сяргей Сцяпанавіч Панізнік у Рызе госць нярэдкі, то Алена Масла прыехала ў Рыгу ўпершыню. Cустрэча з ёю стала сапраўдным падарункам - і для дзяцей, і для дарослых, для ўсіх, хто любіць чытаць казкі.

Алена Масла - адна з самых яскравых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі, піша казкі для дзяцей і падлеткаў, чытаюць яе кнігі і дарослыя. Творы беларускай пісьменніцы перакладаліся на розныя мовы, яе часта называюць беларускай Астрыд Ліндгрэн.

На Нацыянальным конкурсе Беларусі "Мастацтва кнігі" лепшымі выданнямі года былі названы яе кнігі "Каляды з хроснай" (2005 і 2012 гады)", Першая прыгажуня" (2010 год). У 2007 годзе па выніках конкурсу водгукаў «Лепшая беларуская кніга» (Беларуская бібліятэчная асацыяцыя) пісьменніца адзначана Пасведчаннем чытацкіх сімпатый. Алена Сцяпанаўна стала лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон» у намінацыі дзіцячая літаратура ў 2010 годзе. Такая вось слынная пісьменніца завітала да нас у госці, каб парадаваць сваімі казкамі. Спадарыня Алена, да таго ж аказалася вельмі шчодрай казачніцай - яна падрыхтавала кніжныя падарункі і для Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, і для нашага таварыства, і для Цэнтра дзіцячай літаратуры, які працуе пры Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы.

А больш за ўсё, як высвятлілася на наступны дзень, аматараў казак, зразумела, знаходзіцца ў Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы. Сюды таксама наведаліся беларускія пісьменнікі Сяргей Панізнік і Алена Масла, каб зрабіць сапраўдную экскурсію ў казачны свет і пазнаёміць юных рыжан з цудоўнымі казкамі, якія яны цяпер змогуць прачытаць і на роднай беларускай мове. 

Сустрэча з беларускімі пісьменнікамі на Дзяды ў Рызе стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Латвіі і візавай падтрымцы Беларускага інфармацыйнага цэнтра. Таварыства "Сьвітанак' выказвае таксама падзяку за удзел у сустрэчы прадстаўнікам Амбасады РБ у Латвіі Саветніку-пасланніку Амбасады Яраславу Міцкевічу і Першаму сакратару Аляксандру Сушкевічу.

 

На здымках:

          -

Старшыня таварыства "Сьвітанак" Ірына Кузьміч адчыняе літаратурную імпрэзу

 

-

Гучыць "Mагутны  божа"

-

-

Свечкі памяці

-

-

Яскравая прамова ад Сяргея Панізніка 

-

Наталля Пятроўна Цімаховіч, доктар фізіка-матэматычных навук, прозвішча якой упісана ў энцыклапедыю "Сузор'е беларускага памежжа"

-

Удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
 

-

Выступае спадарыня Галіна Масальская
 

-

-

Першы аўтограф дзіцячай пісьменніцы Алены Масла - самаму юнаму ўдзельніку імпрэзы Міколцы Казаку

-

 Падзяка спадарыні Алене Масла - дзіцячай пісьменніцы, якая прыехала да  рыжскіх беларусаў з Мінску і прывезла з сабой дзівосны свет уласных казак

-

Здымак на  памяць аб сустрэчы з удзельнікам імпрэзы - гуртам беларускай песні "Вытокі"

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta