Знаходка ў Рызе

29 кастрычніка 2014, 19:58

 

Невядомы аўтограф Якуба Коласа знойдзены ў Музеі народнага пісьменніка Латвіі Андрэя Упіта

         -

Дырэктар І.Кайрэ, дыпламат Я.Міцкевіч, мастак В. Целеш у Музеі Упіта

 

Літаратурнай і эпісталярнай спадчыне Якуба Коласа прысвечана вялікая колькасць даследаванняў, дысертацый, артыкулаў.

Да 130-х угодкаў выйшаў Поўны збор твораў Якуба Коласа. Здаецца, знайсці нешта невядомае, звязанае з жыццём і творчасцю Песняра, амаль немагчыма. І ўсё ж...

Сёлета ў траўні ў Рыжскай беларускай школе адкрылася выстаўка "Янка Маўр і Якуб Колас: разам па жыцці", прысвечная 131-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Маўра - Івана Міхайлавіча Фёдарава - вядомага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Выстаўка была створана пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Латвіі, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і дырэктара Рыжскай беларускай школы Ганны Іванэ. Месца для выстаўкі - не выпадковае: Іван Фёдараў нарадзіўся 11 мая 1883 года ў горадзе Лібава - цяпер Ліепая. Пасля адкрыцця выстаўкі і знаёмства з Рыгай мне захацелася больш даведацца: што звязвае маіх славутых дзядоў - Якуба Коласа і Янку Маўра - з Латвіяй? Якія стасункі мелі яны з латышскімі пісьменнікамі, з кім перапісваліся, сябравалі? У наступны мой прыезд у Рыгу разам з прадстаўніком Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". мастаком Вячкам Целешам я наведала некаторыя літаратурныя музеі. Вось у Музеі народнага пісьменніка Латвіі Андрэя Упіта мы і ўбачылі цікавы экспанат: кнігу з аўтографам Якуба Коласа. Як вядома, Колас любіў дзяліцца марамі, надзеямі, планамі з сябрамі, роднымі і блізкімі, любіў дарыць ім свае кнігі. На некаторых з іх пакінуў дарчыя надпісы. Цяпер у Коласаўскім музеі захоўваецца 86 кніг з аўтографамі паэта, усе тыя аўтографы ёсць у Поўным зборы твораў Якуба Коласа. Скажам, вядомымі былі аўтографы Песняра, адрасаваныя латышскаму паэту Яну Райнісу. З ім Якуб Колас сустракаўся ў Мінску ў 1926 годзе ў час Першай беларускай акадэмічнай канферэнцыі па праблемах рэформы беларускага правапісу. Дык вось, дарчыя надпісы Райнісу вядомыя даследчыкам, а пра аўтограф, адрасаваны Андрэю Упіту, дагэтуль нічога не было вядома.

Якая ў яго гісторыя? На сваё 75-годдзе Андрэй Упіт атрымаў ад Саюза пісьменнікаў БССР падарункавы экзэмпляр Збору твораў Якуба Коласа ў сямі тамах, аформлены ў выглядзе вялікай кнігі. На адной з кніг (першы том) Пясняр пакінуў надпіс: "Глыбокапаважанаму, дарагому Андрэю Мартынавічу Упіту, народнаму пісьменніку Латвійскай ССР. У дзень слаўнага сямідзесяціпяцігоддзя. Якуб Колас. 5 ХІІ 1952 г."

 Андрэй Упіт (1877-1970) - вядомы пісьменнік-раманіст, паэт, драматург. Пачынаў творчасць з 1899 года. Яго называюць адным з буйнейшых прадстаўнікоў рэалістычнага кірунка латышскай літаратуры. Самы вядомы твор класіка - раман-трылогія "Рабежнікі". Як і ў Якуба Коласа ў "Новай зямлі", галоўным героем трылогіі выступае простая сялянская сям'я. Аўтар імкнецца паказаць, як змяняецца яна ў ходзе капіталістычнага развіцця.

І Якуб Колас, і Андрэй Упіт - майстры літаратурнага слова, філосафы, якія тонка адчувалі псіхалогію герояў. Абодва актыўна перакладалі класікаў літаратуры: Колас перастварыў на беларускую мову творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Р. Тагора, Т. Шаўчэнкі, Упіт на латышскую - А. Талстога, М. Гогаля, М. Горкага, У. Шэкспіра, Т. Мана, Б. Шоў ды іншых.

І Колас, і Упіт актыўна займаліся грамадскай дзейнасцю: Якуб Колас быў дэпутатам Вярхоўных саветаў СССР і БССР, віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук, членам СП БССР, членам камісіі па ўручэнні дзяржпрэмій па літаратуры. Андрэй Упіт быў намеснікам старшыні і членам Прэзідыума Вярхоўнага савета Латвійскай ССР, старшынёй праўлення СП Латвіі, акадэмікам Латвійскай Акадэміі навук.

Я ўпэўнена, што знаходка дасць імпульс для вывучэння стасункаў Якуба Коласа і Андрэя Упіта. Цікава было б пашукаць падобныя моманты ў іх жыццёвых пуцявінах, параўнаць творчасць пісьменнікаў.

Таму хачу звярнуцца да беларусаў замежжа: калі ласка, знайдзіце магчымасць, каб пашукаць сляды Якуба Коласа, Янкі Маўра і ў іншых музеях, бібліятэках, архівах свету. Гэта наша агульная спадчына.

Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа і Янкі Маўра,

газета "Голас Радзімы"

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta