Самотная аблачына з Рыгі

27 верасня 2014, 10:16

25 верасня на 82-м годзе пайшоў з доўгага і багатага творчага жыцця латышскі паэт, перакладчык Османіс Язэпс Уладзіслававіч.

Год назад пры тэлефоннай размове ён пахваліўся сваёй чарговай мастацкай выставай. Справа ў тым, што ён не мог рухацца, як гэта было раней, але сваю недалужнасць кампенсаваў новым відам творчасці -- мастацкім маляваннем. І ўзнадзеіў мяне, што запросіць на чарговую прэзентацыю.
Але ёсць што сказаць пра Язэпа Османіса як пра аўтара добрага дзесятка паэтычных зборнікаў, сямі кніг для дзяцей. А ён, як ураджэнец латгальскага краю, не карыстаўся слоўнікамі пры перакладзе тэкстаў з польскай, беларускай, рускай і нават з украінскай моваў. Выдавецтва "Юнацтва", дзе я калісьці працаваў, заключала творчыя дамовы з выдавецтвам "Спрыдытыс", якое ўзначальваў Язэпс, сын Уладзіслава.
У 1986 была выдадзена ў "Юнацтве" анталогія твораў для дзяцей латышскіх пісьменнікаў пад назвай "Песня Даўгавы". Мы былі ўкладальнікамі таго светлага тома. У 1997 годзе у зборніку "Сустрэча роднасных сусветаў" я змясціў яго верш "Дзве Рыгі". Цікавыя вобразы паэта было цікава і пераствараць:"Бантам аблачынку носіць // Харахорка Рыга". А ўжо "другая" Рыга ў Язэпа Османіса выглядала інакш: "Як іскрыначка на вейка // Скок на бераг Рыга".
Цяпер у мяне на вейку не іскрынка, а рыжская слязінка. І ўспомніліся Райнісаўскія дні паэзіі, начаванне ў Лімбажах Вечарам у гасцініцу-весніцу Язэпс асцярожна ўнёс і абмыў вадзіцаў свой вялізны букет ружаў, падараваны ўдзячнымі слухачамі . І радасна пералічыў цяпер ужо абраселыя бутоны, быццам кожны з іх быў і яго вершам, і райнісаўскім творам -- з кропелькамі-іскрынкамі любові да генія нацыі -- Райніса і да нястомніка, апантанага ўлюбёнца ў сваё роднае слова Османіса-выступоўца.
Я быў удзячны яму, калі ўбачыў выдрукаваным пераклад майго верша пра Райніса з эпіграфам ад самога класіка:"Сонца -- першае, што помню. І апошнім будзе сонца". Хай жа праменьчыкі асенняга райнісаўскага сонца аблашчаць апошні прытулак нашага сабрыса. Латгалы называюць сабрысам добрага суседа. Вось такога сабрыса я і згадваў у вершы:

" А я табе служу, сусед. // Спаўняю доўг і запавет // каля стырна не прытаміцца, // Хачу прыбоем наталіцца, // ступіць у райнісаўскі след".


Не згубіцца творчы след у латышскай літаратуры і земляка Яніса Пліекшана-Райніса -- Язэпса Османіса.


Сяргей Панізьнік

 

-

Райнісаўскія дні паэзіі праходзяць у горадзе Лімбажы. Здымкі паэта Язэпа Османіса на лірычных між выступленнямі перапынках. 13 верасня 1986 года. Фота Сяргея Панізьніка.

-


 Сустрэча ўдзельнікаў Райнісаўскіх дзён паэзіі ў Латвіі. Паэт і перакладчык Язэпс Османіс (другі справа) расказвае пра Яніса Райніса . Распытвае сябра госць з Белграда Момчыла Джэркавіч (трэці справа). Рыга. Верасень 1986 год. Фота Сяргея Панізьніка.

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta