У беларусаў замежжа з'явіўся свой закон

31 ліпеня 2014, 15:47


Закон "Аб беларусах замежжа" за нумарам 162-З быў прыняты 16 чэрвеня 2014 года. Шлях да гэтага моманту быў вельмі доўгі.

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" з 2001 года ставіла пытанне аб неабходнасці заканадаўчага рэгулявання стасункаў Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа. Гэтае пытанне гучала цэнтральнай праблемай на з'ездах беларусаў свету, якія "Бацькаўшчына" склікае шточатыры гады. Дэлегаты выступалі з заклікам да Урада прыняць адпаведны закон, уносіліся канкрэтныя прапановы па яго змесце.

У 2002 годзе юрыдычная камісія Згуртавання "Бацькаўшчына" нават распрацавала праект такога закона. На Чацвёртым і Пятым з'ездах беларусаў свету, якія адбыліся ў 2005-м і 2009-м гадах адпаведна, дэлегаты ўдасканальвалі гэты законапраект. Усе гэтыя прапановы накіроўваліся "Бацькаўшчынай" у адпаведныя дзяржаўныя органы. На жаль, хутка справу зрушыць з мёртвай кропкі не ўдавалася.

Толькі ў 2009 годзе пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь была створана Працоўная група па распрацоўцы законапраекта, у якую было запрошана і кіраўніцтва Згуртавання. "Бацькаўшчына" імкнулася давесці, што Беларусі варта ў распрацоўцы закона абапірацца на досвед унітарных краінаў, якія ўжо маюць такія законы, і зрабіла пераклады такіх законаў шасці краін. Згуртаванне выступала за тое, каб доўгачаканы закон быў наўпроставага дзеяння і адстойвала назву законапраекта - "Аб беларусах замежжа", якая ўрэшце, у выніку доўгіх перамоваў і тлумачэнняў, і замацавалася за ім. І потым некалькі гадоў лёс законапраекта быў невядомы.

Распрацаваны групай законапраект некалькі гадоў праходзіў узгадненні ў розных дзяржаўных інстанцыях, і, адпаведна, мяняў свой змест. Над канчатковым яго варыянтам перад падачай у Палату прадстаўнікоў працавала Міністэрства замежных спраў Беларусі, якое і зводзіла ў адзін дакумент прапановы і заўвагі дзяржаўных устаноў, што спрычыніліся да распрацоўкі.

Нарэшце праект Закона паступіў для разгляду ў Палату прадстаўнікоў летась у лістападзе. Згадаем, што яшчэ ў 2002 годзе падобны законапраект пад назвай "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой" быў узяты на абмеркаванне ніжняй палатай парламента. Тады з нейкіх прычынаў ён не быў прыняты і на доўгі час выпаў з прыярытэтаў знешняй дзяржаўнай палітыкі.

І вось нарэшце, пасля доўгіх гадоў хаджэння па кабінетах, Закон "Аб беларусах замежжа" прыняты.

Ці прынясе ён палёгку тым беларусам і арганізацыям за мяжой, якія шчыруюць дзеля захавання беларускай прысутнасці ў розных краінах уласнымі высілкамі?

Як адзначалі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў у інтэрв'ю МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", Закон "Аб беларусах замежжа" носіць дэкларатыўны характар і не мае сілы прамога дзеяння. Ён вызначае асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносінаў з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязяў з Рэспублікай Беларусь, а таксама катэгорыі асобаў, якія адносяцца да беларусаў замежжа, і меры дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

Паводле Закона, да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:

грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;

замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;

замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.

Згодна з Законам, дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Для вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа пры МЗС будзе створаны Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа.

Наяўнасць нават закона-дэкларацыі - вялікі зрух у дзяржаўным стаўленні да супрацы з беларусамі замежжа. Аднак да яго практычнай рэалізацыі, якая можа дапамагчы не толькі захаваць, але і пашырыць беларускую прысутнасць, падтрымаць і заахвоціць нашых суайчыннікаў, што пераязджаюць за мяжу, далучацца да беларускай справы, яшчэ трэба зрабіць шмат крокаў, найперш - распрацоўка і прыняцце цэлага шэрагу дакументаў, якія і зробяць Закон "Аб беларусах замежжа" практычна прымяняльным.

Застаецца таксама пытаннем, які лёс таго Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, які быў створаны і дзейнічаў пры Міністэрстве культуры, і наколькі новы савет будзе ўдзяляць увагу не толькі эканамічнаму супрацоўніцтву, але і культурніцкаму развіццю беларускіх асяродкаў за мяжой.

"Бацькаўшчына" спадзяецца, што прыняцце Закона - не кропкавая з'ява, а пачатак паслядоўнай і выніковай супрацы з тымі беларусамі, дзякуючы якім беларусы як нацыя годна прадстаўлены ва  ўсім свеце.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta