Андрэй Гуцаў - пра час, ментальнасць і паэзію

06 чэрвеня 2014, 10:44

- Гісторыя з цяперашняй беларускай кніжкай Улдыса Берзыньша, паводле падзей, развівалася гэтак, - прыгадвае паэт і перакладчык Андрэй Гуцаў.

-  У 1989 годзе з 4-га курса беларускага аддзялення філфака БДУ я перавёўся на 1-ы курс у групу перакладчыкаў філфака ЛУ, створаную ў 1988 годзе Латвійскім Універсітэтам, НФЛ і Саюзам Пісьменнікаў Латвіі, у якую запрашаліся студэнтамі прадстаўнікі амаль усіх рэспублік СССР - яшчэ яе часам называюць "групай Пэтэрса", паколькі Яніс Пэтэрс на той час быў кіраўніком СП. (Між іншым, паколькі група ўжо год правучылася - мне даводзілася яе даганяць.) Выпуск быў у 1993 годзе. 

Улдыс Бэрзыньш, і канкрэтна зборнік "Паэтызм беларус", у нас быў у праграме сучаснай латышскай паэзіі, а паколькі наша група была створана Саюзам Пісьменнікаў, мы ўжо былі злёгку знаёмыя асабіста - дзе і пры якіх абставінах гэта адбылося не змагу сказаць нават на допыце, таму што мы, студэнты, часта заходзілі ў цяперашні Беньямінаў дом, напрыклад, пакарыстацца бабліятэкай СП і па іншых справах. Але, як я гаварыў, тое, што на здымку з нашага выпускнога ў СП сярод літаратараў ёсць і Улдыс - факт дакументальны. Не помню, пра што мы тады з ім гаварылі, але, думаецца, што кантактамі абмяняліся менавіта ў той раз. 


У 1994 г. беларускі часопіс для шырокага кола чатачоў "Крыніца" з масавага і двухмоўнага быў пераствораны, у асноўным паводле канцэптаў Алеся Разанава,  у няшматтыражны, але тоўсты і элітарны,  беларускі літаратурны часопіс з той жа назвай. У 1994 г. я паехаў у Рыгу настаўнічаць у беларускай школе і ад рэдакцыі часопіса атрымаў заданне - падрыхтаваць постаць Улдыса Бэрзыньша. (Пазней мне даводзілася чуць выказванні, што постаць Улдыса  атрымалася ці не самай лепшай за ўвес час існавання часопіса -  а часопіс быў прыкрыты недзе ў 2002 г.) Постаць, паводле задумы, - гэта калі падаюцца не толькі арыгінальныя творы аўтара, але й інтэрв'ю з ім, абапал тых твораў - крытычныя артыкулы, цытатнік - кароткія выказванні іншых аўтараў пра Постаць у цэнты увагі і да т.п. матэрыялы... Яшчэ да 1989 г. у Разанава ўжо былі перакладзеныя і часткова апублікаваныя па-беларуску вершы Улдыса, якія цяпер увайшлі ў кнігу, пра якую гаворым,  і маё заданне для Рыгі ў сваёй аснове, вядома ж, сыходзіла ад яго. 

Прыехаўшы ў Рыгу, я цудам спаткаўся з Улдысам, калі ён завітаў на 2-3 дні з Амстэрдаму, дзе на той час  вывучаў тонкасці перакладу біблейскіх кніг, і атрымаў ад яго, скажам так, матэрыялы для постаці - зборнікі, водгукі на яго творчасць і г.д. Працаваў я ў Рызе, жыў у Юрмале (Булдуры), метадычна, па вечар-начах пасля працы ў школе (а гэта ўрокі + прадлёнка) я й займаўся фактычна сур'ёзным навуковым даследаваннем атрыманага: амаль за кожны новы прачытаны верш розумам ставіў плюс і ішоў далей. (І так штовечар, а дакладней - штоноч.) Пакуль не натрапіў на кароткі верш "Гістарыяграфічная проза" - смяяўся я тры дні і тры дні ніякіх новых вершаў далей не чытаў. Так здарылася, што для мяне асабіста акурат гэты верш стаў той шчылінай, праз якую я не тое што ўвайшоў/пранік у паэтычны свет Улдыса, а проста праваліўся ў яго. Праваліўся назаўсёды. І стала ўсё ясна. Магчыма, для кагосьці іншага гэта быў (або будзе) нейкі іншы верш. (Або так ніколі й не будзе.)

Улдыс Бэрзыньш - паэт не з лёгкіх тым, што прапануе нешта новае (а значыць - нязвыклае, чаму яшчэ ніхто ніколі нас не вучыў) у самой аснове і прынцыпе: як яшчэ можна тварыць паэзію. Сам будучы паліглотам, ён піша на першамове - на мове мыслення, думкі, калі яна яшчэ не выказана ні на якой мове. Ментальная машына працуе ў чалавеку пастаянна: думкі прыходзяць/сыходзяць/ставяць дыягназ/адмяняюць яго/зноў вятраюцца/нешта адкладваюць на пасля - і так бесперапынна. Тэмы могуць быць самыя розныя, але законы гэтай плыні свядомасці - аднолькавыя што для папуаса з кітайцам, што для славяніна з высакалобым немцам-матэматыкам. І праз гэта Улдыс становіцца зразумелым-даступным для ўсіх, а яго наватарства-авангардызм - апраўданым на ўсе 100 канонам і ўзорам-ілюстрацыяй для цікаўных.  


"Крыніца" з постаццю Улдыса выйшла недзе ў пачатку 1996, у тым жа годзе ў Менску, у Доме Дружбы, адбылася прэзентацыя гэтага нумара з прыездам аўтара, з мноствам выступоўцаў ды слухачоў. Тады я і выказваў жаданне выдаць вершы Улдыса па-беларуску асобнай кнігай, дапераклаўшы да таго, што ёсць, яшчэ. Рукапіс гэтай кнігі, якая яна цяпер, быў гатовы яшчэ ў 2000. Затрымка была толькі за фінансаваннем. Як бачым, яна задоўжылася аж на 12-13 гадоў.

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta