Ён маляваў на беразе Балтыі

16 снежня 2013, 20:54

                         -

Маё знаёмства з мастаком Валерыям Дзевіскібам пачалося ў канцы 1960-х гадоў. Я ў той час днём працаваў, а вечарамі наведваў падрыхтоўчыя курсы ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, якія вёў вядомы жывапісец Міхаіл Карнецкі. Менавіта там я пазнаёміўся з Валерыям. Ён прадставіўся беларусам з Гомеля. Мне прыемна было сустрэць земляка і разам рыхтавацца да паступлення ў акадэмію.

Ён усюды афіцыйна пісаўся Валерыям, але пры знаёмстве прадстаўляўся як Валянцін і ўсе яго звалі Валянцінам. Я тады не разумеў, чаму ён мае два імя, пазней я даведаўся, што ён католік, а каталікам пры хрышчэнні даюць два імя. Праўда, пазней ён ужо прадстаўляўся як Валерый, відаць, яму хацелася неяк звязаць сваё імя з імем вядомага беларускага змагара, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, Валерыям Урублеўскім.

Пра сваю біяграфію Валеры не любіў гаварыць. А, прычына была адна, Валеры быў дзіця вайны, нарадзіўся ў Германіі, як ён мне пазней расказаў. Яго маці, беларуска з вёскі Новая Мільча, што недалёка ад мяжы з горадам Гомелям, у час вайны была вывезена фашыстамі ў Германію, там у 1943 г. і нарадзіўся Валеры. Па словах Валерыя, пасля вайны маці вярнулася ў вёску і жыла ў сваёй хатцы. Бацька Валерыя - Пётр, які таксама быў вывезены ў Германію, дзе і пазнаёміўся з маці, пасля вайны не паехаў у Гомель да маці Валерыя, а жыў недзе на Далёкім Усходзе. У 1980-х гадах Валеры нават спрабаваў з ім звязацца па пошце, але яны так і не сустрэліся.

Пасля заканчэння сярэдняй школы, у 1960-х гадах Валерыя забіраюць служыць ў войска, трапіў у ваенна-марскі флот на Чорнае мора. Яшчэ са школы ён любіў маляваць і нават хадзіў у мастацкую студыю - у яго была мара стаць мастаком. Калі ён служыў у Севастопалі, аднойчы горад наведаў вядомы латышскі жывапісец, марыніст, прафесар Эдуард Калныньш, які маляваў там эцюды Чорнага мора. На беразе за працай і ўбачыў Валерый славутага мастака і пазнаёміўся з ім. Расказаў пра сябе, паказаў яму свае малюнкі і Калныньш параіў яму пасля заканчэня службы ехаць у Рыгу і паступаць у акадэмію.
Як толькі скончылася служба, Валеры прыехаў у Рыгу, ўладкаваўся на працу матросам на баржу ў Балдэраях за 10 км ад Рыгі, там размяшчалася марская база. Атрымаць прапіску і жыллё ў інтэрнатах Рыгі тады было складана, яму далі жылле ў каюце старой баржы, якая стаяла ля прычала, і там жылі і іншыя халастыя рабочыя базы. Пасля працы ён і пачаў хадзіць на падрыхтоўчыя курсы акадэміі мастацтваў, дзе мы і сустрэліся.
З таго часу мы надоўга пасябравалі з Валерыям, разам паступалі ў Латвійскую акадэмію мастацтваў, менавіта тады мы вырашылі размаўляць паміж сабой толькі па беларуску. Ён добра маляваў, асабліва накіды алоўкам. Аднак, калі рыхтаваўся да ўступных экзаменаў і пад час іх, у яго нехапала цярпення да канца заканчваць малюнак, што патрабавалася для паступлення ў акадэмію. Пасля некалькіх спроб ён не змог паступіць на графічнае аддзяленне, дзе патрабаванні да акадэмічнага малюнка былі вялікія. 

Калі я ўжо быў студэнтам акадэміі, на канікулах у 1970-х г. вырашыў паехаць у Мінск, згадзіўся са мною ехаць і Валеры. У Мінску на Ленінскім праспекце на паддашы Яўгена Куліка мы сустрэліся з Міхасём Чарняўскім, Зянонам Пазняком і Васілём Шаранговічам. Тая сустрэча зрабіла нас абоіх большымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны, бо мінскія хлопцы далі нам шмат гістарычнай літаратуры і там мы даведаліся шмат пра нашу гісторыю, чаго раней не ведалі. 

Пасля той паездкі Валеры вырашыў прыехаць летам у Мінск і паступаць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на графічнае аддзяленне. Але і там яму не пашчасціла стаць студэнтам, так як і мне ў 1966 годзе. Пасля гэтай неўдачы Валеры вырашыў, што непатрэбны яму ніякія афіцыйныя навукі, вырашыў сам пастаянна і шмат маляваць, каб стаць мастаком. Найбольш ён вучыўся па карцінах латышскіх мастакоў- акварэлістаў, якія мы з ім бачылі на мастацкіх выставах у Рызе. Шмат працаваў з натуры, пісаў мора, прычал з баржамі і караблямі, дзе ён жыў, пастаянна рабіў замалёўкі людзей у невялікі блакноцік, які пастаянна насіў з сабою.


Праз некаторы час Валеры з баржы з Балдэраяў, дзе ён жыў, пераехаў у Рыгу. Якраз на мяжы горада па Елгаўскай шашы ў старой прыватнай хаце ён знімаў пакойчык. А пасля знаёмства Валерыя з Лідзіяй (прозвішча яе я не запамятаў), якая жыла ў Прэдайнэ і працавала касірам на чыгуначнай станцыі Атгазэнэ, з яе дапамогай ён перасяліўся і прыпісаўся ў прыгарадзе Рыгі Бабітэ ў прыватнай хаце побач з чыгуначнай станцыяй, дзе жыла старая бабуля- латышка. На другім паверсе ў мансардзе хаты Валеры меў невялікі пакойчык і кухню, трымаў ката, для якога пастаянна ездзіў на электрычцы на Цэнтральны рыжскі рынак за свежай і марожанай рыбай. У той хаце ён шмат маляваў, я летам часта заязджаў да яго і мы ішлі пісаць пейзажы Бабітскага леса і возера, што знаходзіцца непадалёку. 

Калі ён яшчэ не быў жанаты, то мы часта сустракаліся. Я яго пазнаёміў з многімі маімі беларускімі сябрамі: Сяргеям Панізнікам, Адамам Мальдзісам, Уладзімірам Арловым, Эрнэстам Ялугіным, Юркам Голубам, Яўгенам Лецкам, і інш., якія прыязджалі з Беларусі ў Рыгу і бывалі ў маёй майстэрні. У 1980 г. у Доме творчасці ў Дубулты адпачывалі Уладзімір Караткевіч і Алег Лойка са сваімі жонкамі, быў у Юрмале і Сяргей Панізнік. У адну нядзелю яны захацелі, каб я іх звазіў у Этнаграфічны музей пад адкрытым небам, аб гэтым мне па тэлефоне паведаміў Сяргей. Я з задавальненнем згадзіўся і, канешне, запрасіў на гэту сустрэчу і Валерыя. Валеры ў той дзень спазніўся, прыехаў у музей і знайшоў нас, калі мы ўжо збіраліся дамоў. Пасля музея ўся наша кампанія, тады ж з намі была і перакладчыца філолаг Мірдза Абала, завітала да мяне ў майстэрню на вул. Брывібас, 40. Тады ж ён і пазнаёміўся з вядомымі класікамі беларускай літаратуры.
Мы з Валерыем не аднойчы ездзілі ў Мінск, бывалі ў гасцях у У. Караткевіча і А. Лойкі, пазнаёміўся ён там з мастакамі Міколам Купавам, Аляксеям Марачкіным, Уладзімірам Крукоўскім, іншымі мастакамі. У 1980 г. мы нават вазілі ў Мінск свае працы на выставу, прысвечаную 500- годдзю Міколы Гусоўскага і ўдзельнічалі ў той выставе. Пасля Мінска ён ездзіў у Гомель, дзе наведваў сваю маці. Адзін раз я, нават, узяў яго з сабой у пасёлак Краснасельскі, дзе жылі мае бацькі. 

У 1980 г. была скончана пабудова маёй майстэрні, Валеры пастаянна заходзіў да мяне. У той час у Рыжскім інстытуце грамадзянскай авіяцыі выкладчыкам нямецкай мовы працаваў беларус са Слонімшчыны Уладзімір Сакалоўскі, у Рызе жыла і працавала выкладчыцай патэса з Гродзеншчыны Аўгіння Кавалюк. Я з дапамогай маіх мінскіх сяброў адшукаў іх, мы пазнаёміліся і пачалі сябраваць, збірацца ў маёй майстэрні. Кампанія стварылася добрая - Сакалоўскі з жонкай Галінай, настаўніцай, Аўгіння з мужам Лявонам - навукоўцам Латвійскай акадэміі навук, мая стрыечная сястра Раіса Сазон - настаўніца, я з жонкай і Валеры Дзевіскіба з Лідзіяй. Нашы агульныя сустрэчы праходзілі на беларускай мове і былі цікавымі. Аўгіння Кавалюк чытала свае вершы, Уладзімір Сакалоўскі расказваў пра свае пераклады з нямецкай літаратуры на беларускую мову, пастанна ішла гаворка пра нацыянальную беларускую культуру і гісторыю. За кавай пад чарачку мы спявалі беларускія песні. Для таго, каб усе маглі спяваць, я на вялікіх лістах ватмана пісаў словы песень і вешаў на мальбертце, каб усім было відаць. Нашу сябрыну можна было лічыць першым нелегальным неафіцыйным нацыянальнальным беларускім таварыствам у Латвіі. Там мы адзначалі і дні нараджэнняў, у 1983 г. адзначалі 40 -годдзе Валерыя, а ў 1988 годзе - маё 50 -годдзе.
Калі муж Лідзіі памёр, а дзеці яе пажаніліся, Валерый афіцыйна ажаніўся з Лідзіяй і пераехаў да яе жыць. Яна жыла ў Юрмале, у Прэдайнэ, ў старым прыватным доміку з садам. З таго часу ён нідзе афіцыйна не працаваў, маляваў дома, сяды -тады прадаваў свае карціны. Лідзія бачыла ў ім таленавітага мастака, клапацілася аб ім і стварала ўсе ўмовы для таго, каб ён найбольш маляваў, а яму больш нічога не патрэбна было. 


Як пачаў развалівацца Савецкі саюз, пачалася латвійская Атмода (Адраджэнне) , змаганне за незалежную Латвійскую дзяржаву, пачалі стварацца нацыянальныя культурныя таварыствы, у 1988 г. я пачаў займацца стварэннем афіцыйнага Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Валеры з Лідзіяй не далучыліся да маіх намаганняў, не сталі яны і сябрамі таварыства. . Не гледзячы на тое, што Валерый Дзевіскіба не стаў сябрам "Сьвітанка", мы 13 снежня 1990 г. арганізавалі першую персанальную выставу яго твораў у Зялёнай зале Малой гільдыі на вул. Амату, 5, дзе тады размяшчаўся "Сьвітанак" і Беларуская мастацкая студыя "Вясёлка". Пасля закрыцця выставы на вул.Амату, 5 па маёй дамове з дырэктарам Эдуардам Шыракам у Доме работнікаў мастацтваў Латвіі на вул. Вальню 10 студзеня 1991 г. мы адкрылі другую выставу Валерыя Дзевіскібы. 

12 студзеня 1991г. я сабраў мастакоў у майстэрні для арганізацыі Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Валеры таксама прыйшоў на сход і стаў адным з заснавальнікаў нашага аб'яднання, але сябрам гэтага аб'яднання, на жаль, таксама не стаў. Я разумеў, што Лідзія, вельмі цаніла Валерыя не толькі як мастака, але і як маладога мужа, які быў нашмат маладзейшы за яе, таму, верагодна, рэўнавала яго і не адпускала ад сябе туды, дзе збіралася шмат людзей.

У пачатку тых 1990-х гадоў Валеры маляваў дома невялікія пейзажы і нацюрморты з кветкамі і прадаваў іх на плоце ля латвійскай філармоніі, дзе і да сёння выстаўляюцца на продаж розныя мастацкія карцінкі. У хуткім часе ён захварэў на цукровы дыабет і ні з кім з беларусаў больш не сустракаўся. У гэты час у Латвіі пачалася дэнацыаналізацыя ўсіх будынкаў, якія адабрала ў латышоў пасля вайны савецкая ўлада, хаты і дамы вярталіся гаспадарам. Знайшліся гаспадары і той хаткі ў Прэдайнэ , у якой жылі Валеры з Лідзіяй і пачалі патрабаваць іх выбрацца з дома. У Рызе ісці ім не было куды, дачка Лідзіі мела невялікую кватэру толькі для сваёй сям'і, тады яны вырашылі ехаць пад Гомель у Новую Мільчу, дзе засталася невялічкая хатка пасля смерці маці Валерыя. Пасля гэтага наша сувязь з Валерыям поўнасцю спынілася, на маё пісьмо ён не адказаў. Пасля пераезда ў Беларусь ён і там не кантактаваў ні з кім з нашых агульных сяброў. Чуў я пазней, што яго адзін раз наведаў наш агульны знаёмы літаратуразнаўца Яўген Лецка. 

Акварэльную тэхніку Валеры Дзевіскіба асвоіў самастойна і асвоіў добра, яна вызначалася асаблівым майстэрствам, уласцівым для латышскай акварэльнай тэхнікі. У 1979 г. яго акварэльныя працы "Рыба ідзе" і "Моцны вецер" былі прыняты на Восеньскую выставу прац юрмальскіх мастакоў і яго імя ўвайшло ў каталог выставы разам з вядомымі латышскімі мастакамі як Ансіс Артумс, Херберт Сіліньш, Улдыс Земзарыс і інш. У пачатку 1980-х адна яго акварэльная праца "Прычал зімой" была прынята ў Латвійскую экспазіцыю на Усесаюзную мастацкую выставу ў Маскву і была адзначана ў каталозе выставы. Ён пастаянна ўдзельнічаў у мастацкіх выставах Юрмальскай групы мастакоў. Яго працы экспанаваліся ў г. Рызе і ў г. Валміеры пад час Дзён мастацтва. 


У акварэльнай тэхніцы мастак мог бы зрабіць кар'еру мастака і быў бы прыняты ў Латвійскі саюз мастакоў, але ў Валерыя хутка з'явілася жаданне асвоіць тэхніку пастэлі. Гэта тэхніка жывапісу таксама складаная, у рэалістычных малюнках нацюрмортаў і асабліва партрэтаў патрабуецца дакладны, акадэмічны малюнак, ён і гэту тэхніку асвоіў. Апошнія 1980-я і пачатак 1990-х гадоў ён найбольш маляваў пастэльнымі фарбамі, акварэлью амаль не пісаў.
Працуючы ў у тэхніцы пастэлі, Валеры Дзевіскіба зрабіў шмат добрых партрэтаў славутых беларусаў: Міколы Гусоўскага, Францішка Багушэвіча, Міхала Клеафаса Агінскага, Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарыны, намаляваў партрэт Сцяпана Панізніка, бацькі Сяргея Панізніка. Ён маляваў вулачкі Старой Рыгі. Гэтыя і іншыя творы выстаўляліся тады у 1990 - 1991 гг. Некаторыя з іх былі падораны Валерыям нашым агульным сябрам Адаму Мальдзісу, Алегу Лойку і Уладзіміру Сакалоўскаму. У Сяргея Панізніка захоўваецца партрэт бацькі, зроблены пастэлью ў Юрмале. 

Валеры Дзевіскіба быў таленавітым мастаком. Яго талент раскрыўся дзякуючы вялікай пастаяннай працы над малюнкам і жывапісам. Ён мог бы не дрэнна сябе праявіць і ў тэхніцы рэльефнай разьбы ў дрэве. На моё 40-годдзе Валеры падараваў мне выразаны з дрэва рэльеф з пагоняй. Тая пагоня, як герб, пастаянна вісела ў маёй майстэрні, цяпер яна ўпрыгожвае офіс Латвійскага таварыства беларускага культуры "Сьвітанак".

Па майму мяркаванню, пасля вяртання на Радзіму Валерый Дзевіскіба і там мог займацца творчасцю, рабіць добрыя працы, далучыцца да гомельскіх мастакоў, удзельнічаць ў выставах. Чаму гэтага не адбылося, чаму яго талент не быў да канца рэалізаваны - мне не вядома. Магчыма, прычына - не вельмі добрае здароў'е.

Ці меў Валеры нейкія кантакты з Гомельскай групай Саюза мастакоў Беларусі? Ці маляваў ён там увогуле і дзе засталіся яго ўсе творы? На жаль, на гэтыя пытанні мне таксама не ўдалося адшукаць інфармацыю. Можа гэтым зоймуцца гомельскія мастацтвазнаўцы і краязнаўцы, якія раскрыюць творчае імя мастака, каб упісаць яго не толькі ў гісторыю беларускага мастацтва Латвіі, але і ў гісторыю беларускіх мастакоў Гомельшчыны.

Добрай данінай памяці пра мастака Валерыя Дзевіскібу магла бы стаць выстава яго твораў, калі б знайсці і сабраць ўсе яго працы. 

А пакуль што сёлета, у год юбілея мастака, змяшчаем здымкі, якія захаваліся ў архіве Сяргея Панізніка і аўтара гэтых радкоў, якія нагадаюць нам пра яго і тыя дні, калі жыў і тварыў на беразе Балтыі беларускі мастак Валеры Дзевіскіба.

ВЯЧКА ЦЕЛЕШ,
Рыга

-

Валеры Дзевіскіба 1980-я г. У майстэрні Вячкі Целеша. Фота С.Панізніка.

-

Злева Сяргей Панізнік, Валеры Дзевіскіба і Айвар Калвэ ў майстэрні В.Целеша. Фота С.Панізніка.

-

 В. Дзевіскіба ў Старой Рызе.1980-я г. Фота В.Целеша

-

Адкрыццё персанальнай выставы В. Дзевіскібы. Злева -  Сяржук Кузняцоў, справа -  Вячка Целеш. 1990г

-

 Партрэт Ф.Скарыны В. Дзевіскібы на выставе 1990г.

-

 В. Дзевіскібу на выставе 1990г. віншуе Ларыса Лойка

-

Валеры Дзевіскіба. Пагоня. 1978 г. разьба па дрэву.

-

Адкрыццё выставы В. Дзевіскібы ў Маза гілдэ.1990г.

-

Адкрыццё выставы ў Доме работнікаў мастацтва. Зправа Эдуард Шырак, Вячка Целеш,Валеры Дзевіскіба і Андрэй Германіс. 1991г.

-

В.Дзевіскіба. Партрэт Міколы Гусоўскага.Са зб.А.Мальдзіса.

-           -       -           В.Дзевіскіба. Партрэт Сяргея Панізніка.

В.Дзевіскіба і  бацька Сяргея Панізніка - Сцяпан. Каўгуры. Фота С. Панізніка.

У Каўгуры  у гасцях у Ніны Панізнік, побач Вераніка Панізнік. 1980-я г. Фота С.Панізніка.


-

2011г. Бабітэ. Хата Сэлі ў якой жыў В. Дзевіскіба.

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta