Віншуем ЛТБК "Сьвітанак" з 25-годдзем!

27 лістапада 2013, 16:03

 

Шаноўныя сябры! Шаноўныя паплечнікі!

Ад імя Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуем вас з 25-гадовым юбілеем! Таварыства "Сьвітанак" пачало дзейнічаць ў далёкім 1988 годзе адным з першых на постсавецкай прасторы і было першай арганізацыяй нацыянальнай меншасці ў Латвіі!

Шмат усяго было зроблена, каб беларусы не забыліся на прыналежнасць да гістарычнай Радзімы, каб не расцерушыліся жыццёвай завірухай. І тым больш сёлетні юбілей - важная, значная з'ява беларускага жыцця ў замежжы!

Ваша таварыства з'яўляецца годным духоўным спадчыннікам Латвійскага культурна-асветніцкага таварыства "Бацькаўшчына", якое паўстала яшчэ ў 1921 годзе і спрыяла актыўнаму культурнаму беларускаму жыццю ў Латвіі.

За чвэрць стагоддзя дзейнасці "Сьвітанак" стаў сапраўдным сімвалам любові і павагі беларусаў да сваёй культуры, традыцыі і гісторыі. Дзякуючы Таварыству, у Рызе запрацавала беларуская асноўная школа, якая актыўна дапамагае новаму пакаленню беларусаў памятаць, хто яны і адкуль. Таварыства "Сьвітанак" спрыяла з'яўленню Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", а таксама садзейнічала таму, каб беларуская мова загучала на хвалях Латвійскага радыё. Выставы і канцэрты, фестывалі, навуковыя даследаванні - усё гэта з года ў год ладзіць "Сьвітанак", аб'ядноўваючы беларусаў і папулярызуючы нашую культуру сярод іншых народаў Латвіі.

Асобна трэба адзначыць, што Таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" стала ўзаемадзейнічае з беларускімі дыяспарамі іншых краін і, безумоўна, трымае моцную сувязь з Беларуссю.

Дарагія сябры! Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" дзякуе вам за дзейнасць, за гонар працаваць разам з вамі. Шчыра віншуем вас з юбілеем! Зычым моцы, натхнення і плёну ў вашай годнай і нялёгкай справе, а таксама здароўя і аптымізму! Няхай агеньчык беларушчыны ніколі не згасне ў вашых сэрцах!

                                                  МГА  "ЗБС"Бацькаўшчына"

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta