Дзе карані твае, адкуль твой род пачаўся...

09 лістапада 2013, 17:53

 

-

"Што такое жыццё? Дзеля чаго яно даецца чалавеку?
Узыходзіць сонца і заходзіць... Святло-цемра, дзень-ноч... Падае ў зямлю зерне, прарастае, дае ўсходы і новае зерне - новае насенне... 


Вясна, лета, восень, зіма... За адным пакаленнем людзей ідзе яшчэ і яшчэ пакаленне. Што значым усе мы ў гэтым няспынным і вечным кругавароце? У чым сэнс чалавечага жыцця? У каго спытаць? А можа... і ні пытаць ні ў каго ні пра што, а жыць як набяжыць... Жыць, як жылі бацькі, дзяды, прадзеды... А яны...Што ведаем мы пра нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, свой род, сваіх продкаў і пра іх жыццё-быццё, іхнія думкі і мары, клопаты і дбанне?" Так разважае над вечнымі пытаннямі жыцця вядомы беларускі пісьменнік Барыс Сачанка.

На тыя ж адвечныя пытанні шукае адказу і Вячка Целеш у сваёй новай кнізе "Адсюль наш род, тут мой прычал", прэзентацыя якой адбылася 26 кастрычніка, у будынку АНКОЛ, што на Слокас 37.

З гэтай нагоды ў зале сабраліся сябры мастака, прадстаўнікі Беларускай Амбасады ў Латвіі, кіраўнікі нацыянальных аб'яднанняў, сваякі. І кветкі, кветкі наўкола. Жоўтыя, чырвоныя, ружовыя - сведкі ўрачыстасці, кавалачкі восеньскага сонца, напамінак і згадка пра прыгожую і значную падзею, якой прысвечана гэта сустрэча. Дарэчы, імпрэза была яшчэ адной магчымасцю павіншаваць Вячаслава Міхайлавіча з  75-годдзем, якое ён святкуе сёлета. Сярод шматлікіх віншаванняў юбіляру прагучала і віншаванне, якое даслаў В.М. Целешу Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі спадар Андрыс Берзіньш.


Спадар Целеш вельмі хораша распавядаў пра ідэю стварэння кнігі, пра працу над ёй, пра людзей, з якімі прыйшлося працаваць. Зразумела, што праца зроблена вельмі вялікая. Дзень за днём, кожную вольную хвіліну, мастак працаваў над сваім творам, у якім даследваў не толькі род Целешаў, але і гісторыю сваёй вёскі, сваёй зямлі, сваіх землякоў. Упэўнена, аднавяскоўцы вельмі чакалі кнігу, і сёння, з радасцю і гонарам, перагортваючы яе старонкі, знаходзяць здымкі родных мясцін, дарагіх сэрцу людзей.

Асаблівай павагі заслугоўвае тое, што аўтар, пражыўшы амаль усё свядомае жыццё ў Латвіі, з такім клопатам і замілаваннем даследуе старонкі гісторыі сваёй Радзімы, сваёй зямлі, сваіх родзічаў і землякоў. Відаць спадар Целеш добра разумее, што "ўсе шляхі вядуць не у Рым, а да продкаў роднай зямлі".


Прыемна, што аўтар знайшоў магчымасць падараваць кнігу некалькім бібліятэкам Беларусі, Латвіі, а таксама бібліятэцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Трэба адзначыць, што ў гістарычным, навуковым і мастацкім сэнсе кніга атрымала высокую ацэнку спецыялістаў як у Беларусі, так і ў Латвіі.


Мы ад усяго сэрца жадаем нашаму сябру, вядомаму мастаку, пісьменніку, ганароваму грамадзяніну Латвіі Вячку Целешу моцнага здароўя, вытрымкі, творчага натхнення і яшчэ шмат мастацкіх і пісьменніцкіх прац. Няхай шануе яго магутны Божа і не адварочваецца Муза.

Сапраўды, Вячка Целеш - вялікі руплівец і творца, імя якога сёння ўжо не толькі на яго цудоўных палотнах, але і ў напісаным, "якое застанецца". А Вячаславу Целешу - малодшаму (унуку), наймалодшаму прадстаўніку рода, жадаем добра вучыцца, быць клапатлівым сынам і ўнукам і ўжо сёння разважаць над будучымі старонкамі новай кнігі.

Ганна Іванэ

 

Віншаванне ад Прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі Андрыса Бэрзіньша-

ПРЭЗІДЭНТ ЛАТВІЙСКАЙ РЭСПУБЛІКІ

Шматпаважаны спадар Целеш!
Сардэчна віншую Вас з вялікім жыццёвым юбілеем!
Значным і фундаментальным з'яўляецца Ваш уклад у латвійскую культуру і ў грамадскае жыццё, уклад выбітнага мастака і педагога, а таксама краязнаўцы і грамадскага дзеяча.
Дзякую Вас за Вашу актыўную працу ў час Атмоды, за самаахвярную і дабрачынную працу ў беларускай грамадзе Латвіі, за Ваш уклад у працу Кансультатыўнага савета нацыянальных меньшасцяў, накіраваную на з'яднанне нашага грамадства і дзяржавы!
Жалаю Вам і надалей усяго найлепшага ў ажыццяўленні ўсіх Вашых добрых задум, жадаю любві і падтрымкі Вашых блізкіх і сяброў.
З пашанай
Андрыс Бэрзіньш.
Рыга. 25 верасня 2013 г.

(Пераклад з латышскай мовы)

На здымках:

-

майстар-клас ад Вячкі Целеша

-

у зале

-

пасля прэзентацыі

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta