4000 імпрэзаў у падтрымку беларушчыны.

02 кастрычніка 2013, 13:39


1 кастрычніка культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" адзначае сваё пяцігоддзе. За пяць гадоў дзясяткі арганізацый, кампаній ды ініцыятыў падтрымалі ідэю аб'яднання з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і далучыліся да кампаніі, каб прасоўваць трэнд беларускага як сучаснага і перспектыўнага. Сярод буйных праектаў - штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі "Аднак!", камунікацыйныя праграмы "Краіна Цмокаў" і "Культура паляпшае жыццё", музычны праект "Тузін. Перазагрузка" і аднайменная анімацыя "Будзьма беларусамі!".

 

За гэты час супольнымі намаганнямі літаратурныя і музычныя сустрэчы, фэсты і канцэрты, вандроўкі і лекцыі, кірмашы праектаў і ток-шоу, што ладзяцца па ўсёй краіне, ахапілі больш за 800 населеных пунктаў, а іх агульная колькасць перавысіла 9000. Менавіта таму сённяшні дзень - цудоўная нагода павіншаваць усіх, хто шануе, любіць і папулярызуе беларускую культуру.

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі: "5 гадоў кампаніі - добрая нагода перш за ўсё сказаць дзякуй усім, хто паверыў у наш запал і працягвае супольную працу. Таксама дзякуй усім, хто за гэты час далучыўся да нас, падтрымаў кампанію канкрэтнымі дзеяннямі, узбагаціў ідэямі, сваім талентам. Усім, хто прыняў беларускія каштоўнасці і далей рэтранслюе іх праз свой гурт, медыі, творчую суполку, рэкламную агенцыю ці аддзел культуры. Гэты шлях не быў простым і лёгкім: увесь час трэба вынаходзіць нешта адметнае, бо сітуацыя ў Беларусі ў пэўным сэнсе ўнікальная, таму і аналагаў нашай кампаніі, каб было ў каго пераняць досвед, мы не знайшлі. Станоўчым фактарам ёсць падвышэнне зацікаўленасці беларусаў сваёй культурай, але наша мэта - спрыяць таму, каб беларушчына з трэнду канчаткова стала асновай дзяржаўнай палітыкі".

За час свайго існавання кампанія пачала трывала асацыявацца з паняткам "якасная беларуская культура". У найбліжэйшай перспектыве - больш шчыльная праца ў рэгіёнах, стварэнне рэзанансных камунікацыйных праграм, актуальных для беларускага грамадства.

-

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі: "Праведзеныя ва ўсіх абласных цэнтрах дыскусійныя мерапрыемствы, скіраваныя на абмеркаванне актуальных праблем культурнага асяроддзя, прадэманстравалі, што ёсць шмат неабыякавых людзей, гатовых аддаць свой час і энергію, каб зрабіць жыццё роднага горада ці мястэчка больш цікавым і разнастайным. Натхнёныя гэтым, мы абвясцілі "Кірмаш праектаў", каб кожная вартая ініцыятыва магла знайсці сабе аднадумцаў і паплечнікаў, больш за тое, працуем над стварэннем банка ідэй, каб паказаць жывыя прыклады тым, хто хоча палепшыць жыццё свайго рэгіёна. Адна з задач кампаніі - не толькі дапамагаць ці самім рэалізоўваць цікавыя мерапрыемствы, але і натхняць іншых на актыўную дзейнасць, якая б дапамагала паляпшаць культурніцкі фон краіны".

-

Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" пачалася 1 кастрычніка 2008 года. Кампанія спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Каардынатар кампаніі - Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Сярод найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі ад НДА - Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ды шмат іншых арганізацый ды ініцыятыў.

Унікальная беларуская сітуацыя вымагае новых вынаходніцтваў, цікавых канцэптаў і пазітыўна шалёных культурніцкіх праектаў. Мы запрашаем усіх, хто яшчэ не з намі, далучацца, прыходзіць са сваімі ідэямі і рэалізоўваць іх разам на карысць беларускай культуры. Да кампаніі можна далучыцца як персанальна, так і калектыўна. Звяртайцеся!

 

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta