70 гадоў таму не стала народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

28 чэрвеня 2012, 13:28


28 чэрвеня 1942 года трагічна завяршыўся зямны шлях класіка нацыянальнай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Мінула 70 гадоў, але абставіны смерці песняра дагэтуль застаюцца нявысветленай тайнай.


- Мы павінны верыць толькі фактам або дакументальным крыніцам. А сёння іх, на жаль, няма, акрамя аднаго - тэксту спецпаведамлення на імя Берыі з копіямі Сталіну і Молатаву аб трагічнай гібелі народнага паэта Беларусі ў Маскве, - адзначае дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Копія гэтага дакумента атрымана напрыканцы 1990-х гадоў пасля звароту Міжнароднага фонду Янкі Купалы ў ФСБ Расіі з афіцыйным запытам пра абставіны смерці паэта. Пазней былі яшчэ некалькі спроб даведацца больш на гэты конт, але пакуль беспаспяховыя. Адказ адзін: у расійскіх архівах больш нічога няма.

- Нам застаецца толькі паверыць на слова, але, скажу шчыра, у глыбіні душы мы спадзяёмся, што дакументы ўсё ж ёсць, толькі пакуль нявыяўленыя, і з цягам часу нешта яшчэ можа высветліцца. Напрыклад, калі дапусціць, што яны захоўваюцца як дзяржаўная тайна, пад грыфам "Совершенно секретно", то зняць яго магчыма пасля 75 гадоў. Так што надзея застаецца, - гаворыць Алена Ляшковіч.

З таго, што вядома на сёння, карціна выглядала так. 18 чэрвеня 1942 года з пасёлка Пячышчы, з Татарстана, дзе Купала з жонкай знаходзіўся ў эвакуацыі, паэт прыехаў па запрашэнні ў Маскву. Праз 10 дзён планавалася на афіцыйным узроўні адзначаць яго 60-годдзе. Купала спыніўся ў гасцініцы "Масква", у пакоі 414. 28 чэрвеня са свайго пакоя ён падняўся на 10-ы паверх, у нумар 1034, які займаў тагачасны старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў і ў якім знаходзілася ў той дзень многа гасцей, у тым ліку і некаторыя беларускія пісьменнікі, у прыватнасці Крапіва, Броўка, Міронаў. Праз некаторы час Купала з нумара выйшаў. Па адной версіі, яго нехта выклікаў, па другой - выйшаў сам. А праз некалькі хвілін прысутным паведамілі жахлівую вестку - паэт упаў у лесвічны пралёт і разбіўся...

- Магчымы тры версіі гэтага трагічнага здарэння, але ні адна з іх сёння дакументальна не пацверджана, - адзначае вядучы навуковы супрацоўнік музея Фаіна Ваданосава.

Першая - самагубства. Аднак ёсць шмат звестак сучаснікаў паэта пра тое, што ў 1942-м настрой Купалы быў дастаткова аптымістычны. З улікам, канечне, што гэта перыяд, калі ідзе вайна, ён далёка ад радзімы, Беларусь у акупацыі. Але ў тых жа Пячышчах Купала адзначае на карце сцяжкамі лінію фронту і перад новым, 1942 годам заклікае сваімі радкамі землякоў: надыходзіць час нашай перамогі, хутка вернемся на радзіму, якая будзе вольная. Ва ўспамінах розных людзей узгадваецца, як Купала ў Маскве гаворыць сябрам, маўляў, праз тыдзень, хлопцы, мой юбілей, запрашаю, буду частаваць і г.д. Ёсць успаміны і пра добры творчы настрой паэта - у гэты час у перакладзе на рускую мову выходзіць яго зборнік вершаў для дзяцей. Дакладна вядома, што за некалькі гадзін да смерці Купала сустракаецца з Мазальковым, укладальнікам кнігі. Яны дамаўляюцца сустрэцца на наступны дзень у выдавецтве, дзе Купала павінен атрымаць выпісаны за зборнік ганарар.

Другая версія - няшчасны выпадак. І тут таксама шмат пытанняў. Сучаснікі Купалы адзначалі, што парэнчы ў гасцініцы "Масква" былі даволі высокія, каб самому зваліцца ўніз. Да таго ж калі паэту раптам стала дрэнна, то чаму ён не ссунуўся на падлогу ці не паваліўся на бок, а кульнуўся ўніз?.. У спецпаведамленні ўказваецца, што ў нумары Купалы знайшлі бутэльку шампанскага. Але дапушчэнню, быццам той быў п'яны і таму зваліўся, супярэчаць іншыя звесткі: прыехаўшы з Пячышчаў у Маскву, Купала лячыўся ў крамлёўскай бальніцы і не ўжываў алкаголь. У тыя дні Міхась Лынькоў пісаў Якубу Коласу ў Ташкент, маўляў, да нас прыехаў Купала, п'е толькі піва, лечыцца. Трэцяя версія - трагедыя не абышлася без удзелу пэўных органаў улады...

Паводле слоў Фаіны Ваданосавай, у 2007 годзе яна перагледзела мноства архіўных матэрыялаў, спадзеючыся, што хтосьці з тых пісьменнікаў, якія прысутнічалі ў гасцінічным нумары ў момант трагедыі, мог разважаць пра яе прычыны ў асабістай перапісцы ці ўспамінах. Але знайшла толькі адзінкавыя згадкі: "недарэчная смерць", "памёр", "загінуў", "страшэннае гора", "дзікае здарэнне" - і ніякіх меркаванняў, як і чаму такое адбылося.

Купалу крэміравалі ў Маскве 1 ліпеня 1942 года. Развітацца з паэтам сабралася многа людзей - дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, у тым ліку з-за мяжы. Кузьма Чорны, які прысутнічаў на паніхідзе, у лісце Коласу пісаў, што ў труне, каля галавы Купалы, ляжала стужка з надпісам "Мне сняцца сны аб Беларусі...", радком з яго верша 1924 года. Пра пахаванне ёсць і ўспаміны Паўліны Мядзёлкі. Яна, у прыватнасці, узгадвала, што труна стаяла даволі высока, Купалу цяжка было ўбачыць, але прыкметнымі былі сіняк на скроні, вельмі загрыміраваны твар і ордэн Леніна на лацкане са сколатай эмаллю. Паўліна Мядзёлка ўспамінала таксама і тое, як у час пахавання Купалы падыходзіла да многіх, хто быў з паэтам у яго апошні дзень, з пытаннем: як магло здарыцца? Але хтосьці адварочваўся, хтосьці адыходзіў, хтосьці гаварыў пра раптоўны сардэчны прыступ.

Жонка паэта, Удадзіслава Францаўна, яго анёл-ахоўнік, як яе называлі, на пахаванні не прысутнічала. Дарэчы, у Маскву паэта запрасілі чамусьці аднаго, без яе. Пра смерць мужа Уладзіслава Францаўна даведалася толькі 30 чэрвеня і з Пячышчаў прыехаць не паспела: час ваенны. У Маскву яна дабралася толькі 3 ліпеня. Да сваіх апошніх дзён Уладзіслава Францаўна не магла сабе дараваць, што 28 чэрвеня яе не было побач з Купалам. Менавіта яна стала заснавальніцай, а пасля і першым кіраўніком музея песняра, прысвяціўшы сваё жыццё справе захавання яго памяці.

У 2003 годзе, калі ў расійскай сталіцы вырашылі зносіць гасцініцу "Масква", супрацоўнікам музея песняра ўдалося перавезці ў Мінск шэраг каштоўных матэрыялаў - уваходныя дзверы пакоя 414, дзверы з люстэркам з гэтага ж нумара, аконную раму, фрагменты паркету, парэнчаў, лесвічных прыступак... Зараз яны прадстаўлены асобнай тэмай у пастаяннай экспазіцыі. Тут жа знаходзіцца копія таго самага спецпаведамлення, а таксама мармуровы пастамент з маскоўскага крэматорыя. Урна з прахам народнага паэта была перавезена ў Мінск у 1962 годзе. Яна пахавана на Вайсковых могілках, на месцы, дзе ўзведзены помнік Янку Купалу.

Дата смерці песняра традыцыйна на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў адзначаецца супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея, творчай інтэлігенцыяй і проста прыхільнікамі творчасці паэта. Сёлетні вечар памяці "Жальбіны" адбудзецца 28 чэрвеня у 16.30 на Вайсковых могілках.
                                                    "Рэспубліка"

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta