Кодэкс Багдановіча

09 снежня 2011, 13:12

9 снежня ізноў народзіцца Максім Багдановіч - непарушным застаецца кругаварот часу! Піша Павал Абрамовіч.

-

                                 На свой лад

Кожны з нас на свой лад будзе адзначаць гэтае свята, 120-годдзе Максіма Багдановіча.

Адны перачытаюць «Вянок», другія прынясуць кветкі да помніка паэту, трэція выправяцца ў музей Багдановіча, чацвёртыя - надрукуюць новы артыкул аб ім альбо працытуюць некалькі паэтычных радкоў у «жывым часопісе» і Facebook, пятыя - з'едуцца ў міністэрства ці рэстарацыю, каб выпіць і закусіць, бо самі ж рыхтавалі гэты юбілей і добра змерзлі-згаладалі за дзень, шостыя - пачуюць верш Максіма па радыё і згадаюць, як вучылі яго ў школе, альбо пабачаць ягоны партрэт у «Звязде», сёмыя - накіруюцца ў філіял Нацбанка, каб набыць срэбную юбілейную манету з Багдановічам. Восьмыя, на вялікі жаль, будуць па-ранейшаму займацца сваімі справамі і не здагадаюцца, не пабачаць, стомленыя працаю і клопатамі, які тое светлы дзень!..

                                          Гісторыя спаткання

Днямі мая старэйшая дачка Маргарыта папрасіла раздрукаваць партрэт Багдановіча. Выява спатрэбілася ёй для школьнай працы - своеасаблівай «насценнай газеты», прысвечанай юбілею паэта. Яшчэ яна папрасіла даць ёй кнігу вершаў Багдановіча. Узяўшы том, Маргарыта запыталася, ці гэта той самы паэт, верш якога «Матылёк» я іншым разам напяваю. А пазней дадала:
«Якія прыгожыя вершы ў Багдановіча! Усе прыгожыя!»

 Я быў усцешаны тым, што пабачыў сустрэчу Маргарыты і Максіма, што іх першае спатканне было радасным, і працяг магчымы. Я ўзяў сабе за правіла не ўплываць на кола чытаньня маіх дачок, не падсоўваць ім кніг, не складаць «залатых» спісаў. Бо нашыя кнігі мы мусім шукаць самі, і нааадварот, нашыя кнігі мусяць шукаць нас самі.

А бацька - літаратурны крытык - можа ўсё толькі сапсаваць. Нездарма Багдановіч, звяртаючыся да крытыкаў, пісаў, што «Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька, // Каб лепей скрыдлы разглядзець: // Ударыўшы, памне іх сець, // I яркі пыл сатрэ няспрытная рука».

                                         Запавет Багдановіча

Што асабіста я згадваю-перачытваю пра Багдановіча цяпер? Найперш аповед Зоські Верас пра тое, як
у першы свой вечар у Менску паэт папрасіў не класці яму цукар у гарбату.

І хоць цукар быў патрэбны хвораму Максіму, ён рашуча адмаўляўся ад яго. «Раз нехта, не помню хто, цішком перамяніў шклянку, і гарбата аказалася салодкай, - згадвае Верас. - Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся! Ледзь удалося супакоіць і перапрасіць».

                                              Крыху пазней
Багдановіч патлумачыў: гарбату з цукрам ён хоць і вельмі любіць, але не п'е, таму што зараз, у ваенны час, асабліва шкадуе дзяцей. І калі ў нечым сабе адмаўляе, то яму здаецца, быццам ён робіць нейкую ахвяру дзеля іх.

Калі ж Верас запярэчыла, што фактычна тая ахвяра нічога дзецям не дае, Багдановіч загадкава адказаў: «А гэта пабачым».

I вось праз тры месяцы Багдановіч, які працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання і атрымліваў там паёк, прынёс на плячах паўпуда цукру. «Аддаў яго мне, - сведчыць Верас, - (я была паміж іншымі абавязкамі сакратаркай камітэта) і кажа: „Гэта для дзяцей уцекачоў".

Усе былі ўзрушаныя, але зрабілі вымоўку за тое, што сам нёс, а не паклікаў каго-небудзь, каб памаглі...».

Гэты чужы, але шчыры ўспамін нагадвае мне пра тое, што
літаратура ствараецца жывымі людзьмі і выхоўвае пачуццё павагі да іх.

А яшчэ пераконвае: важна не толькі суадносіць форму і змест мастацкага тэксту, патрабуючы іх суладдзя, да чаго заўсёды заклікаў Багдановіч, але і высвятляць маральны кодэкс літаратара, каб пабачыць вытокі ягонай творчасці.

Вялікая радасьць, што нашай літаратурнай традыцыяй ёсць яднанне гэтых важкіх частак, што
запавет Багдановіча, які быў напісаны ягонымі іскрыста-музычнымі вершамі і непрацяглым жыццём, дасюль застаецца неаспрэчным большасцю беларускіх пісьменнікаў.


Чытаць цалкам: http://nn.by/?c=ar&i=64

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta