Cёння 100 год з дня нараджэння Ларысы Геніюш

09 жніўня 2010, 21:15

9 жніўня гэтага года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнай беларускай паэткі і празаіка Ларысы Антонаўны Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч).


Ларыса Геніюш

Л. Геніюш нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (зараз Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). Вучылася ў Гудзевіцкай польскай школе. У 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У 1937 годзе разам з маленькім сынам Юркам пераехала ў Прагу да мужа І.П. Геніюша, які жыў і вучыўся там з 1922 года, скончыў медыцынскі факультэт Карлавага універсітэта, працаваў урачом.

Прага, адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы з багатай гістарычнай і культурай спадчынай, станоўча паўплывала на станаўленне Л. Геніюш як асобы, спрыяла раскрыццю яе паэтычнага таленту. Ларыса Геніюш актыўна ўключылася ў жыццё і справы тамтэйшага беларускага асяроддзя, прычынілася да працы ва ўрадзе БНР (нейкі час была сакратаром). Тут жа, пачынаючы з 1940 года, на старонках беларускага перыядычнага друку спачатку пад псеўданімам Чайка, а потым пад уласным прозвішчам адно за адным з'яўляюцца шматлікія, прасякнутыя беларускім нацыянальным каларытам творы таленавітай паэткі, якія адразу ж знаходзяць сваіх прыхільнікаў.

 

Падчас Другой сусветнай вайны Л. Геніюш з сям'ёй заставалася ў Празе, пісала вершы, што былі прасякнутыя болем за родную, параненую, залітую крывёю Беларусь. Гэта, натуральна, не спадабалася нямецкім акупацыйным уладам, якія жадалі чуць у яе паэзіі ўслаўленне фюрэра і германскай арміі.

 

Па заканчэнні вайны сям'я Геніюшаў у ліпені 1947 года атрымала чэхаславацкае грамадзянства, але ўжо ў лютым 1948 года ўлады Чэхаславакіі пад уціскам пэўных структур з боку Савецкага Саюза былі вымушаны яго скасаваць. Ларысу і Івана Геніюшаў дэпартавалі ў Мінск, дзе 7 лютага 1949 года іх безпадстаўна абвінавацілі і прысудзілі да 25-ці гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у лагерах Комі АССР, але ў 1956 годзе тэрмін пакарання быў перагледжаны і скарочаны да васьмі гадоў.

 

У 1956 годзе Л. Геніюш вярнулася ў Беларусь. Разам з мужам спрабавала аднавіць чэхаславацкае грамадзянства, але безвынікова. Пасяліліся ў гарадскім пасёлку Зэльва (Гродзенская вобласць). Там жа, 7 красавіка 1983 года, скончыўся вельмі няпросты зямны шлях самабытнай беларускай паэткі, якая вельмі любіла сваю Беларусь

Творчая спадчына Ларысы Геніюш складаецца з такіх паэтычных зборнікаў, як "Ад родных ніў" (1942), "Невадам з Нёмана" (1967), "На чабары настоена" (1982), "Белы сон" (1990), зборнікаў вершаў для дзяцей "Казкі для Міхаські" (1972), "Добрай раніцы, Алесь! (1976)", асобных вершаў і паэм, дакументальнай аповесці "Споведзь" (1990), якія разам з іншымі творчымі матэрыяламі, біяграфічнымі дакументамі, велізарнай перапіскай, цікавымі фатаздымкамі і іншымі дакументамі ўваходзяць у склад асабістага архіва пісьменніцы, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

                паводле www.tut.by

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta