100 гадоў пераносу мошчаў Еўфрасінні Полацкай у Беларусь

08 чэрвеня 2010, 09:43

1. Як усё было

Амаль 2 месяцы па Дняпры з Кіева да Оршы, з прыпынкамі на ўрачыстыя багаслужбы, ішоў параход з ракай, у якой знаходзіліся парэшткі Еўфрасінні Полацкай. 4 чэрвеня святыя мошчы былі ўнесены ў Полацкі кафедральны Мікалаеўскі сабор, а 5 чэрвеня, у дзень памяці святой, урачыстым хрэсным ходам перанесены ў Спаса-Еўфрасіннеўскую абіцель.

«Полоцкие епархиальные ведомости» пісалі пра гэтыя часы: « Дняпро за гэтыя дні, паводле сведчання відавочцаў, уяўляў дзівосную карціну: усюды, дзе па берагах знаходзіліся паселішчы, народ хрэснымі ходамі, з запаленымі свечкамі, а па начах - з вогнішчамі і вялікоднымі песнаспевамі сустракаў і праводзіў параплаў «Галавачоў», які вёз святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні.

Пры набліжэнні парахода да месцаў размяшчэння хрэсных хадоў увесь народ кленчыў і голасна ўсклікаў: «Прападобная маці Еўфрасіння, малі Бога за нас!».

2. Заступніца беларусаў

Вяртанне мошчаў Еўфрасінні Полацкай на Радзіму не толькі мае цікавую перадгісторыю але, як высвятляецца, тая падзея сыграла сваю ролю ў фармаванні сучаснай беларускай нацыі.

Пачнем з перадгісторыі. Як вядома, Еўфрасіння Полацкая памерла ў 1167 у Ерусаліме - па звычаі тых часоў асветніца выправілася на Святую Зямлю ў пілігрымку. Праз 20 гадоў, у 1187 г. султан Саладзін, узяўшы ў аблогу Ерусалім, дазволіў хрысціянам за шчодры выкуп вывесці святыні з гораду. Паводле логікі рэчаў мошчы Еўфрасінні тады былі павінны трапіць з Ерусаліму ў Полацак, радзіму Еўфрасінні. Але... Праз даўнюю варажнечу паміж Кіеўскім і Полацкім княствам, рэліквія апынулася ўсё ж у Кіева-Пячорскай лаўры, дзе прабыла сем стагоддзяў.

У другой палове ХІХ ст. жыхары Полацка неаднаразова хадайнічалі перад царскімі ўладамі аб пераносе мошчаў полацкай святой на бацькаўшчыну. У 1871 г. пасля асабістага звароту полацкага епіскапа Савы Аляксандр ІІ дазволіў даслаць у Полацак невялікую частку мошчаў, сярэдні палец правай рукі. А вось пры панаванні Аляксандра ІІІ беларусам увогуле забаранілі звяртацца з падобнымі хадайніцтвамі да цара. Толькі пасля падзеяў 1905 г. года просьба палачан была задаволеная...

Перыпетыі з пераносам мошчаў маюць і яшчэ адно вымярэнне - палітычнае.

На думку аўтара кнігі некалькіх кніг, прысвечаных гісторыі Полацка Уладзіміра Арлова, хадайніцтвы шматлікіх беларусаў аб пераносе мошчаў у Полацак сталася адной з першых праяваў кансалідацыі маладой беларускай нацыі.

«Шматгадовая забарона пераносу мошчаў фактычна сведчыла пра занепакоенасць расійскай свецкіх і царкоўных вярхоў з нагоды паўставання беларускай нацыі, - кажа Ўладзімір Арлоў. - Нагадаю, што ў 1897 годзе на першым перапісе насельніцтва Расійскай Імперыі каля 6 мільёнаў чалавек назвалі сябе беларусамі. Вынікі перапісу разам з шматлікімі просьбамі пра вяртанне мошчаў сваёй патронкі ў Полацак сведчылі пра першыя крокі беларусаў на шляху ўсведамлення сябе адметным народам».

Дадамо, што і сама шматлюдная велічная цырымонія пераносу мошчаў таксама паспрыяла далейшаму згуртаванню беларусаў вакол нацыянальных сімвалаў.

 

Павал Касцюкевіч, "Наша Ніва"

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta