20 гадоў газеце "Наша слова"

18 сакавіка 2010, 13:35


17 сакавіка споўнілася 20 гадоў з дня выхаду першага нумару газеты Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны "Наша слова".

Як нагадаў старшыня грамадскага аб'яднання Алег Трусаў, першы нумар газеты пабачыў свет 17 сакавіка 1990 года.

Спачатку гэта быў штомесячны бюлетэнь, заснаваны першым кіраўніком ТБМ Нілам Гілевічам, а ўжо ў наступным годзе газета стала выходзіць штотыднёва, пачала прадавацца ў кіёсках і атрымала права на падпіску праз дзяржаўную сістэму распаўсюду. У складзе рэдакцыі пад кіраўніцтвам пісьменніка і журналіста Эрнеста Ялугіна працавала больш за дзесяць чалавек. Аб'ём выдання складаў ад 8 да 12 старонак, а наклад дасягаў 20 тысяч асобнікаў. Газета мела дзяржаўную фінансавую падтрымку і выходзіла ў Мінску.

Аднак пасля рэферэндуму 1995 года і змены дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі беларускай культуры, адукацыі і мовы, у канцы 1996 года дзяржаўнае фінансаванне газеты спынілася. Існаванне выдання апынулася пад пагрозай і некалькі месяцаў яно не выходзіла. "У гэты час вырашаўся лёс і самога аб'яднання", - падкрэсліў Трусаў.

Паводле яго слоў, дзякуючы намаганням новага кіраўніцтва ТБМ, якое ўзначаліў Генадзь Бураўкін, арганізацыя захавалася, і паўстала пытанне аб аднаўленні дзейнасці газеты на грамадскіх пачатках. "У гэты няпросты час адказнасць за лёс выдання ўзяў на сябе былы афіцэр, падпалкоўнік, шчыры беларускі патрыёт Станіслаў Суднік.

З восені 1997 года і па сённяшні дзень "Наша слова" выходзіць у Лідзе (Гродзенская вобласць), дзе жыве і працуе яе нязменны рэдактар.

Газета выдаецца толькі на грамадскіх пачатках, без аплаты працы рэдактара і журналістаў, але яна мае свой адметны твар і добра вядомая як у Беларусі, так і за яе межамі", - сказаў Трусаў.

Паводле яго слоў, падрабязную інфармацыю пра гісторыю "Нашага слова" можна прачытаць у яе 954‑м нумары ад 16 сакавіка. Каляровы і ўдвая большы па аб'ёме за звычайныя, святочны нумар газеты надрукаваны накладам 2 тысячы асобнікаў. Старшыня ТБМ лічыць, што галоўным падарункам газеце стане пашырэнне падпіскі на яе сярод беларусаў краіны і замежжа.

 

Марат Гаравы, "БелаПАН"

 

2 снежня 2017

 

-

2 снежня 2017 г. Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" адзначае свята "500 год беларускаму кнігадруку: кнiга ў лёсе нацыі і чалавецтва."

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

v0.1.2-beta