Беларускі вернісаж у латвійскай сталіцы

30 студзеня 2009, 11:29

 

Нездарма кажуць, што восень - гэта час паэтаў і мастакоў. Рыгу выставамі асабліва не здзівіць і імпрэзамі не надта ўразіць, тым больш, у гэтыя восеньскія дні. І ўсе ж-такі будзем спадзявацца, што выстава беларускіх мастакоў, якая адчынілася ў Доме Рэйтэрна, стане адметнай старонкай у культурным жыцці латвійскай сталіцы.

Галоўная яе асаблівасць - нацыянальны каларыт. Удзельнікі выставы - адзінаццаць беларускіх мастакоў: Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня, Ларыса Лойка, Алена Раманенка, Анатоль Ермаковіч, Георгій Насенка, Тамара Насенка, Алена Лаўрыновіч, Кацярына Вольская, Мікола Журовіч . Усе яны - сябры латвійскай суполкі аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Адзінай нацыянальнай супольнасці мастакоў у Латвіі, з часу заснавання і да сённяшніх дзён якой кіруе мастак Вячка Целеш, адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства.

З другога, іншага боку - выстава выклікала цікавасць не толькі беларусаў. Прыхіліцца да беларускага мастацтва прыйшлі рыжане самых розных нацыянальнасцей. А гэта яшчэ раз сведчыць: мастацтва сапраўды не ведае ні моўных, ні геаграфічных межаў, і беларускія мастакі ўносяць свой уклад у скарбонку еўрапейскай культуры. Сімвалічна і тое, што чарговая выстава аб'яднання ў Рызе зноў ладзілася ў Доме Рэйтэрна, адным са знакавых , "еўрапейскіх" месцаў латвійскай сталіцы.

З гісторыі аб' яднання. 12 студзеня 1991 года мастакамі з Латвіі, Эстоніі , Ліетувы і Санкт-Пецербургу было заснавана аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Пазней да гэтай творчай супольнасці далучыліся і мастакі Швецыі.

Зараз таварыства "Маю гонар" аб'ядноўвае дваццаць мастакоў, якія працуюць у жывапісе, графіцы, скульптуры. Сярод іх і сталыя майстры , за плячамі якіх не адна выстава і маладыя мастакі, якія робяць першыя крокі па шляху да прызнання.

Арганізацыйна аб'яднанне складаецца з самастойных суполак.

А сэрцам аб'яднання была і застаецца Рыга. Тут самая значная суполка, у склад якой уваходзяць дзевяць мастакоў. Тут у майстэрні мастака Вячкі Целеша знаходзіцца і офіс аб'яднання. Адказны сакратар аб'яднання Васіль Малышчыц -- рыжанін, а намесніца старшыні Маргарыта Астравумава жыве ў г. Іыхві, што ў Эстоніі.

Экспрэсія фарбаў, у якой пераважаюць яркія, радасныя колеры - так коратка можна акрэсліць характар выставы. Эмацыянальным і жыццесцвярджальным было і само адкрыццё. Павітаць беларускіх мастакоў прыйшлі не толькі землякі, але і калегі-мастакі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Рыгі, нацыянальных культурных арганізацый сталіцы.

Асаблівую душэўнасць імпрэзе надаў гурт беларускай песні "Світанак". Самадзейныя артысты не толькі радавалі гасцей сваімі песнямі, але шчодра дзяліліся сваей энергіяй, удзячнасцю, жадаючы мастакам галоўнага - творчасці і натхнення.

Магчыма, такім імпульсам для іх творчасці стане выступленне на свяце двух самых юных удзельніц гурта - Людмілы і Лауры Ігнатавых. Абедзве дзяўчынкі - выхаванкі мастака Вячкі Целеша. Спачатку ў мастацкую студыю "Вяселка" прыйшла старэйшая - Людміла, а потым вучыцца маляваць стала і малодшая Лаура. Свайму настаўніку дзяўчаткі падаравалі не толькі кветкі, але і вершы, спевы, ігру на скрыпцы - Лаура і аккардэоне - Людміла. І як тут не прыгадаць словы дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ аб неабходнасці выхоўваць у дзяцей пачуццё прыгожага, далучаць іх да мастацтва. Ужо пятнаццаць гадоў над гэтай задачай працуе дзіцячая мастацкая студыя "Вясёлка". Студыя і зараз існуе пры школе і хочацца спадзявацца, што, магчыма, праз нейкі час яе выхаванцы папоўняць кола беларускіх мастакоў і, у прыватнасці, аб'яднання "Маю гонар". А мы са свайго боку заўважым, што адзін з фундатараў выставы прадпрымальнік Янка Кабановіч, досыць вядомы ў мастацкім асяроддзі мэцэнат, прыйшоў на адкрыццё выставы разам са сваім сынам. Значыць, ёсць падстава спадзявацца, што сярод маладых латвійцаў растуць не толькі будучыя беларускія мастакі, але і тыя, хто зможа ацаніць і падтрымаць іх мастацтва.

У беларускіх вернісажаў ёсць такая адметная рыса - кожная выстава гэта абавязкова адкрыццё. На сёлетнім вернісажы рыжане маглі адкрыць для сябе і новыя працы сваіх землякоў, і новыя імёны.

Так упершыню ўдзел у выставе аб'яднання брала маладая мастачка Алена Лаўрыновіч. Алена заканчвае магістратуру Латвійскай акадэміі мастацтваў, графічнае аддзяленне. Негледзячы на малады ўзрост, Алена ужо мае на сваім рахунку некалькі выстаў. Для свайго дэбюту ў якасці сябры аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі Алена Лаўрыновіч выбрала некалькі разнапланавых работ. Будзем спадзявацца, што ў маладой мастачкі, дзякуючы выставе, з'явіліся як сябры-калегі, так і прыхільнікі творчасці, і не толькі сярод землякоў.

А вось прозвішча Міколая Журовіча аматары беларускага жывапісу адкрылі для сябе са спазненнем. Мастака ўжо няма сярод нас, але яго працы для экспазіцыі падрыхтавала дачка - Алена Раманенка, сябра аб'яднання, якая бярэ актыўны ўдзел у рабоце згуртавання . Не стала выключэннем і сёлетняя выстава.

Мастачка Кацярына Вольская цяпер ужо ўдзельнічала ў выставе, як былая рыжанка. Спадзяемся, што і у Швецыі, дзе цяпер жыве Кацярына, ей будзе так хораша працавацца, і, малюючы шведскія фьёрды, не забудзецца яна і пра родныя краявіды.

З гісторыі аб'яднання. 17 верасня 1991 года ў Рызе адбылася першая выстава АМББ "Маю гонар", у якой удзельнічалі Вячка Целеш (жывапіс), Ларыса Лойка(габелен), Мацей Чырыч (жывапіс). Гэтыя ж мастакі ўдзельнічалі ў выставе , якая працавала з 19 студзеня да 29 лютага 1992 года ў г. Кохтла-Ярве ў Эстоніі.

Сябры аб'яднання ўдзельнічаюць не толькі ў выставах сваіх суполак, але прымаюць удзел у міжнародных паказах, на іх рахунку - і персанальныя выставы.

Своеасаблівай творчай справаздачай беларускіх мастакоў з'яўляюцца агульныя выставы. Значнай падзеяй у культурным жыцці Латвіі стала выстава твораў жывапісу, графікі і прыкладнога мастацтва, якое аб'яднанне ладзіла з нагоды свайго дзесяцігадовага юбілею ў 2001 годзе.

А ўсяго за трынаццаць год існавання "Маю гонар" на яго рахунку чатырнаццаць агульных выстаў, яны былі арганізаваныя ў Латвіі, Беларусі, Ліетуве , Эстоніі і Чэхіі.

7 выстаў аб'яднання адбылося ў Латвіі. Чатыры з іх ладзіліся непасрэдна ў Рызе, астатнія - ў Даўгапілсе і Юрмале.

А пачынаецца экспазіцыя з партрэта, у якога вельмі няпросты лёс. Вядома, у кожнай карціны ёсць і свой лёс, і свая гісторыя. І усё ж-такі ў патрэта Ларысы Геніюш яна асабліва адметная. І з'яўленне вобраза славутай паэткі ў творчасці мастака Вячкі Целеша - справа невыпадковая .

Больш трыццаці гадоў назад тады яшчэ студэнт Латвійскай акадэміі мастацтваў Вячка Целеш знаходзіўся на летняй практыцы у сябе дома, на бацькаўшчыне, на Ваўкавышчыне. Падарожнічаў па наваколлю, маляваў родныя краявіды. І неяк яго сябра Міхась Вераціла - паэт, краязнаўца, гісторык прапанаваў з'ездзіць у Зэльву. Прапанаваў з нагоды. Менавіта ў Зэльве, сваім родным гарадку, пасля вяртання на Беларусь з Чэхіі пасялілася Ларыса Геніюш.

Вось так будучы рыжскі мастак стаў госцем славутай паэткі. Узрушаны і сустрэчай і знаемствам з Ларысай Геніюш, якая ужо пры жыцці стала легендай, мастак не мог не ўзяцца за аловак. Як ні дзіўна, прыгадвае Вячаслаў Міхайлавіч, я ўжо тады разумеў, што і гэты дзень, і гэта хатка, і наша сустрэча запомніцца да драбніц. Запомніцца і застанецца на ўсё жыццё.

Але Вячка ні як не мог уявіць, што праца над партрэтам паэткі расцягнецца на гады, ды што там на гады, на дзесяццігоддзі. І нават на выставу аб'яднання ў Чэхіі ( яна адбылася ў гэтым годзе , у Празе, падчас першага з'езду беларусаў Еўропы ) мастак павез не гэты партрэт, выкананы алеем, а партрэт-малюнак. Вельмі ж хацелася, каб спадарыня Ларыса пабывала ў мясцінах, якія сталі ей не чужымі, да таго ж і нагода такая - з'езд беларусаў. Але спяшацца з завяршэннем жывапіснага палатна Вячаслаў Міхайлавіч не стаў. Вырашыў павесці той самы малюнак з натуры, які захаваў і дух і энергетыку зэльвінскай паэткі, каб зноў Ларыса Геніюш наведала Прагу, пабывала там са сваімі, сярод сваіх...

Гэтай восенню Вячка Целеш завершыў працу над другім партрэтам Ларысы Геніюш.Вось такой прыветнай і крыху засяроджанай, у Зельве, на ганачку, на якім яна сядзела і чытала свае вершы мастаку, за плячыма самыя звычайныя вясковыя кветкі - мальвы, якія растуць ледзь не ля кожнай хаты (а можа і сапраўды былі яны бела-чырвона-белымі) убачыў мастак паэтку. І падзяліўся сваім позіркам, і сваей памяццю з намі. І першымі, хто ўбачыў партрэт нашай славутай зямлячкі, на чый першы прысуд вынес мастак сваю працу - сталі рыжане, наведвальнікі гэтай восеньскай выставы беларускіх мастакоў.

... "Хто глядзіць на карціну, той перш за ўсе імкнецца ўбачыць яе дух", пісаў старажытны кітайскі жывапісец Ван Вей у сваім трактаце "Таямніцы жывапісу". Вельмі спадзяемся, што рыжане і госці сталіцы, якія наведаюць выставу аб'яднання "Маю гонар", адчуюць дух гэтых беларускіх мастакоў. І не толькі зрокам, але і сэрцам дакрануцца да яго.

Таццяна КАСУХА.

Здымкі Янкі Грыневіча

"Ніва", 12 снежня 2004 г.

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta