Гэты школьны вечар, развітальны...

30 студзеня 2009, 11:34


Па традыцыі, напярэдадні Ліга, у школах Латвіі праводзяцца самыя прыгожыя, самыя сардэчныя, самыя ўзнёслыя - выпускныя вечары.

Сабрала сяброў, каб ушанаваць сваіх выпускнікоў, і Рыжская беларуская асноўная школа. Менавіта яны - вучні выпускнога дзевятага класа шчырым прывітаннем і сустракалі гасцей ля ўваходу ў актавую залю. У апошні раз яны і гаспадары школы, і гаспадары свята. Заўтра для гэтых юнакоў і дзяўчат будзе ўжо іншы дзень.

А сёння апошні развітальны школьны баль.

А сёння школа ўпрыгожана кветкамі, гірляндамі, беларускімі традыцыйнымі вырабамі - да таго, каб яна надбала па-сапраўднаму святочны выгляд прыклалі сваю фантазію самі школьнікі, а галоўным дызайнерам стала выпускніца Эліна Шарадзіна.

А сёння юнакі ў гарнітурах і гальштуках - бывайце на гэты вечар джынсы...

А сёння аднакласніцы, усе як адна, як быццам сышлі з вокладкі глянцавага часопіса і нават не зразумела , як сябе з імі паводзіць. Хоць ведаеш, што сёння расчуленыя настаўнікі больш не зробяць табе заўвагі...

А сёння матулі не хаваюць сваіх слёз, і сам ты чамусьці адводзіш позірк, хаваючы хваляванне. І ты яшчэ не ведаеш, што гэты дзень запомніцца табе да драбніц і праз гады ты будзеш прыгадваць і гэты вечар, і сяброў, і напоенае водарам кветак паветра. Але гэта потым. А сёння школа развітваецца са сваімі выхаванцамі, аддае ім сваю і любоў, і клопат, і пяшчоту...

І вось дырэктар школы Ганна Уладзіславаўна Іванэ распачынае свята. Гучаць пранікнёныя словы, звернутыя да выпускнікоў і наступае самы ўрачысты момант - выпускнікам уручаецца першы зароблены імі дакумент аб адукацы - пасведчанне аб заканчэнні асноўнай школы. Разам з атэстатамі школьнікам уручаецца і сэртыфікат адпаведнай катэгорыі аб валоданні дзяржаўнай латышскай мовай. Яго выпускнікам уручае намеснік дырэктара па навучальнай частцы Вера Эдуардаўна Ухнастэ.

Пад дружныя апладысменты прысутных шэраг вучняў узнагароджваецца граматамі за поспехі ў вучобе. А лепшы выпускнік 2006 г. Міхась Казак атрымлівае грамату за выдатную вучобу.

Не хаваюць свайго хвалявання настаўнікі, а асабліва ўзрушаная Людміла Аляксандраўна Брыго, ёй даводзіцца развітвацца не проста з выпускнікамі, а са сваім першым выпускам у гэтай школе, класам, якому яна аддала вельмі шмат сваіх сіл, пяшчоты, душэўнай цеплыні.

Шчаслівай дарогі зычыць яна сваім выхаванцам і не хавае смутак ад развітання.
Са святам, дарагія выпускнікі!

Першы выпуск Рыжскай Беларускай асноўнай школы адбыўся ў 2003 годзе. З гэтага часу з'явілася добрае правіла - на выпускны вечар у школу да беларускіх дзяцей і іх настаўнікаў прыходзяць не толькі іх бацькі і сябры, але і прадстаўнікі беларускай грамадскасці латвійскай сталіцы, аддае даніну ўвагі нацыянальнай школе і Амбасада РБ у Латвіі. Не стаў выключэннем і гэты школьны баль. Першы сакратар Амбасады Дзмітрый Аляксандравіч Краюшкін звярнуўся да выхаванцаў беларускай школы з цёплымі словамі віншавання і пажаданняў.

На свята да беларускіх школьнікаў прыйшлі таксама прадстаўнікі Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак", Саюза беларусаў Латвіі, Латвійскага фонда беларускай культуры "Бацькаўшчына" імя Кастуся Езавітава. Па традыцыі "Бацькаўшчына" кожны год кожнаму выпускніку беларускай школы разам з кветкамі ўручае ў якасці падарунка беларускія кнігі. Не парушылі традыцыю і ў гэтым годзе, прадстаўнікі фонда Алесь Аляксандравіч Карповіч і Дзмітрый Кабановіч падаравалі кожнаму выпускніку кнігу Уладзімiра Арлова "Адкуль наш род".

Адметнай асаблівасцю гэтага выпускнога вечара стала ўшанаванне былога дырэктара школы Вячаслава Міхайлавіча Целеша з уручэннем яму найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі - ордэна Трох Зорак. Гэтая падзея адбылася напрыканцы мая, а сёння на самым урачыстым мерапрыемстве школы яе калектыў разам з гасцямі аддалі знак павагі і пашаны чалавеку, у многім дзякуючы ініцыятыве якога і з'явілася ў Рызе беларуская школа.

Сам Вячаслаў Міхайлавіч, звяртаючыся да выпускнікоў, якіх ведае па гадам працы ў школе, пажадаў ім поспехаў у далейшай вучобе і выказаў надзею, што той дух беларушчызны, які школьнікі засвойваюць у школе, яны не згубяць, пераступіўшы школьны ганак.

А на памяць падараваў сваім былым выхаванцам сваю кнігу "Рыга на старых паштоўках". Гэтую кнігу з аўтографам аўтара і пажаданнямі атрымаў кожны беларускі выпускнік.

Шануйце сваю Айчыну Латвію, зямлю на якой вы нарадзіліся і жывеце, і будзьце патрыётамі Беларусі, сваёй этнічнай Бацькаўшчыны, такім быў асноўны лейтматыў усіх тых выступленняў, якія прагучалі на свяце.

А затым быў святочны канцэрт, падрыхтаваны выпускнікамі. Вядучыя вечара Таццяна Макарэвіч і Міхась Казак разам з аднакласнікамі перагарнулі старонкі "Кнігі добрых слоў". Пад шчырыя апладысменты гучалі пранікнёныя вершы і ліліся песні на роднай мове. Школьны гурт "Вавёрачка" падрыхтаваў вельмі цікавую музычную праграму. І слухала школа натхнённыя галасы дзяўчатак, і ўзносілася музыка і разляталіся спевы па школьным калідорам насустрач заўтрашняму дню...

Шкада толькі, што для беларускіх дзевяцікласнікаў гэтае мерапрыемства стала і сапраўды апошнім школьным вечарам, ім прыйдзецца развітацца з роднай школай - далей яны будуць вымушаныя працягваць вучобу ўжо ў іншых школах горада, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. А між тым першыя выпускнікі-дзевяцікласнікі 2003 года як раз зноў маглі б кружыцца ў апошнім вальсе ў беларускай школе...


Таццяна Касуха

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta