БЕЛАРУСКІ ПРАЦЭС У ЛАТВІІ. 1925,РЫГА

04 лютага 2009, 10:13


«Беларускі працэс у Латвіі» - зборнік матэрыялаў, выдадзены ў 1925 годзе Таварыствам беларусаў-выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, павятовыя, гарадскія і валасныя самаўрады ў Латвіі. Захаваная мова арыгіналу.



У Латвіі і па за-межамі яе многа было гутарак аб працэсу, што адбыўся ў пачатку красавіка месяца 1925 года над 8 беларускімі вучыцелямі Дзьвінскае і Люцінскае беларускіх гімназій.

Працэс, які цягнуўся тры дні: 2-га, 3-га і 4-га красавіка, зранку да ночы, выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць з боку беларускага грамадзянства і з боку іншых нацыянальнасцяў Латвіі.
На ім яскрава высьвятлілася як многа ў беларусаў ворагаў, якія ня спыняюцца ні перад якімі спробамі і сродкамі, каб скампраментаваць беларускі рух у Латвіі і выклікаць адносна яго рэпрэсіі Ўраду. Высьвятлілася ў належнай меры і роля ніжэйшых правінцыяльных уладаў.

Дзеля таго, што Латвійская прэса не дала належнага агляду гэтага, дужа важнага для нашае беларускае меньшасьці працэсу, мы лічым патрэбным зьмясціць аб ім падрабязную справаздачу


ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
(2 красавіка 1925 года, Дзьвінск.)

Задоўга да пачатку судовага паседжаньня, па яшчэ пустым вуліцам прыводзяць пад канвоем з турмы былога Дырэктара Люцынскае беларускае гімназіі, гр. К.Б.Езавітава, які прасядзеў да суду ў астрозе больш за 10 месяцаў.

Каля 9 гадзін пачынаюць зьбірацца сьведкі і публіка.

У 10 гадзін падсудныя займаюць месцы на лаве абвінавачаных.

Першым прыводзюць гр. К.Езавітава, затым прыходзіць рэшта 7 абвінавачаных, што былі на воле пад закладам:
вучыцель Дзьвінскае беларускае гімназіі Валадзімер Корці,
заступнік Дырэктара Люцынскае беларускае гімназіі - Валадзімер Пігулеўскі,
былы Дырэктар Дзьвінскае беларускае гімназіі - Ян Краскоўскі,
вучыцель Дзьвінскае гімназіі і пачатковае школы - Андрэй Якубецкі,
вучыцелька гэтай-жа гімназіі - Паўліна Мядзёлка-Грыб,
вучыцель тэй-жа гімназіі - Парфіры Жэрдзі
і вучыцель спеваў Люцынскае беларускае гімназіі - Міхаіл Іваноў.

У 10 гадзін з хвілінамі ўваходзе Суд і паседжаньне пачынаецца.

Суд зложаны з трох судзьдзяў і Старшыні Латгальскага Вакружнога Суду, гр. Зільберга. За пракурорскім пюпітрам - Таварыш Пракурор гр. Лукін.
Перад лавай абвінавачаных сядзяць 5 абаронцаў. Сярод іх буйнейшыя адвакацкія сілы ў Латвіі гр. Гольцман, гр. Шмідт і гр. Будоўскі.
Пасьля апросу абвінавачаных і спаўненьня іншых фармальнасцяў агалошываецца абвінавачальны акт.


АБВІНАВАЧАЛЬНЫ АКТ

Робячы рэвізію ў беларускай пачатковай школе Капінскае воласьці, у вёсцы Дудалі, 1924 г. 2 сакавіка, інспектар народных школ Дзьвінскага вокруга Л.Озолін углядзеў, што на геаграфічнай карце, якая вісела на сьценцы, была адзначана Беларусь, якая абыймала частку абшараў цяперашняе Расеі, як і Польшчы, Літвы і Латвіі і йшла ад Косрўкі на Люцын, Асьвейскае возера, Краслаўку, Ілукшты і адтуль у напрамку Літоўскае мяжы. Іншымі словамі кажучы, Беларусь ахапляла часткі Люцынскага павету, пачынаючы з Асьвейскага возера, з Дзьвінскам і частку Ілукштанскага павету з горадам Ілукштамі.

Па тлумачэньню кіраўніка школы Аляксандра Махноўскага, гэтую карту прыслаў школе Беларускі Прасьветны Аддзел. Такую ж карту Л.Озолін пасля некалькіх дзён зноў знайшоў у беларускай школе Капінскае воласьці, у вёсцы Станкевічы. Аб знойдзеных картах Л.Озолін паведаміў у Аддзел пачатковых школ Міністэрства Прасьветы.

Узьвязку з гэтым Палітычнае Ўпраўленьне навяло спраўкі і атрымала весткі, што ў Латгаліі працуе беларуская арганізацыя, якая паставіла сабе мэтай утварыць незалежнае беларускае гаспадарства і што правадырамі гэтае арганізацыі ёсць вучыцялі беларускіх школ В.Корці, А.Якубецкі, П.Мядзёлка-Грыб і К.Езавітаў, былы шэф вайскова-дыплёматычнае місыі Беларусі, які пасьля ліквідаваньня беларускае дыплёматычнае ўстановы ў Латвіі, у кароткі час стаў Латвійскім падданым.
Правяраючы гэтыя весткі, высвятлілася, што ў Дзьвінску ўжо з 1921 году па ініцыятыве К.Езавітава закладзена беларускае культурна-прасьветнае Таварыства пад назвай "Бацькаўшчына".

Таварыства "Бацькаўшчына" , як гэта відаць з яго статуту, рэгістраванага ў Латгальскім Вакружным Судзе, мела мэтай развіцьцё беларускае культуры і прасьветы ў Латгаліі.

У 1921 годзе на аднам са сходаў "Бацькаўшчыны" К.Езавітаў сказаў у сваёй прамове, што тут, г.ё. у Дзьвінску , Бацькаўшчына - Беларусь і што кожна расеец, які нарадзіўся ў Дзьвінску, ужо сам па сабе беларус. На тым жа сходзе Езавітаў распаўсюджываў карту Беларусі, якая была надрукавана на паштовых картках і на гэтых картках Беларуская дзяржава ахапляла г. Дзьвінск, частку Рэжыцкага павету і ўвесь Люцынскі павет. Па выражэньням сябры Таварыства, Дырэктара Дзьвінскае расейскае сярэдняе школы Г.Садоўскага, ён у Таварыства ўвайшоў па прапанове Езавітава па вяртаньні ў Латвію ў 1921 годзе.
Азнаёміўшыся з дзеяльнасьцю правадыроў Таварыства, ён знайшоў, што агульныя сходы сяброў Таварыства ня склікаліся, што з аднаго боку прымушала думаць, што Таварыства самавольнае, з другога боку, гэта выклікала рожныя чуткі і падазрэньні. Пачалі гутарыць аб беларускай самастойнасьці праз якіясь нямецкія грошы. Гэтыя свае пярэчнасьці ён выказаў раз на агульным сходзе сяброў, але не спаткаў згоды і спачуцьця і таму выйшаў з "Бацькаўшчыны".

Па сведчаньням некаторых вучыцялёў да зьяўленьня Я.Краскоўскага і В.Пігулеўскага ў Дзьвіньску, беларускае жыццё кацілася ціхім шляхам і яны, вучыцялі, займаліся выключна прасьветнай справай. Са зьяўленнем Краскоўскага і Пігулеўскага, да якіх прылучыліся вучыцялі беларускіх школ Прыдруйскага району Э.Вайводзіш і М.Талерка, паміж беларусамі пачаліся інтрыгі. Утварылася некалькі груп і пачалася паміж мяйсцовымі беларусамі патаёмная агітацыя і прапаганда аб стварэньні самастойнае Беларусі, і хадзілі чуткі, што тыя Латвійскія правінцыі, якія населены беларусамі, будуць зноў аб'яднаныя ў адну беларускую дзяржаву тады, калі створыцца самастойная Беларусь.


Мэта агітатараў была тутака ў Латвіі падрыхтаваць прамежных жыхароў у Латгаліі беларусамі і пасьля з дапамай гэтае масы дасягнуць далучэньня Латгаліі і часткі Ілукштанскага павету да непадзельнае Беларусі.

У Я.Краскоўскага знойдзена :
1) ліст Прэзідэнта Беларускае Рады Пятра Крачэўскага да таго самага Краскоўскага, напісаны 26.6.1923 году, у якім Крачэўскі паміж іншым кажа, што "усход просіць нас трымацца на колькі толькі магчыма і дапамагчы ім далучыць усходнія землі да іх хутара, што навокал цэнтру трэба аб' яднаць усё што ў нас ёсць і аб'яднаным фронтам дасягнуць незалежнасьці",
2) ліст міністра-прэзідэнта Беларускае Народнае Рэспублікі да таго самага Краскоўскага, пісаны 12 снежня 1923 году, у якім паміж іншым сказана, што са ўсіх цэнтраў Дзьвінск таксама мае значэньне цэнтру і што пасьля паўгоду будзе адзіны фронт Вільня-Прага-Дзьвіньск-Коўна.

В.Пігулеўскі ў пачатку 1924 году быў у Рызе ў Расейскім Радавым пасольстве за кнігамі праф. Карскага і там яму было прапанавана заняць у Маскве адказнае мейсца.

Курсантцы К.Мікалаевай Я.Краскоўскі сказаў, што мейсца вучыцеля атрымае толькі той, хто набярэць больш дзяцей у беларускую школу. Так як яна гэтага зрабіць не магла, дык і вучыцельскага мейсца не атрымала.

У восень 1923 году, калі А.Васільеў умясьцёх з Э.Асанавым і беларускім палітычным дзеячом Балдоўскім нелегальна перайшлі літоўска-латыскую мяжу і явіліся ў Дзьвінск да В.Корці , апошні Васільеву сказаў, што ў іх, г.ё. у Корці і ў другіх яго таварышоў ёсьць свая беларуская арганізацыя, у якой працуе і паўкоўнік Езавітаў. Уся прапаганда беларускага руху праходзіць праз беларускія школы пад маскай разьвіцьця беларускай культуры.

Стараньнямі таго ж Езавітава для беларускіх школ запрошаны з Літвы нацыянальна-сьвядомыя беларусы, памянёныя П.Мядзёлка-Грыб, А.Якубецкі, як і Я.Краскоўскі, С.Казека і П.Жэрдзі. Школьны персанал акрамя тых папаўняўся яшчэ мяйсцовымі таксама сьвядомымі беларусамі. Так былі прыняты Э. Вайводзіш, А.Махноўскі, М.Іваноў , Г.Сушынская і Л.Габран.

Каб атрымаць сабе такіх надзейных і сьвядомых правадыроў, мяйсцовыя правадыры беларускага руху, як К.Езавітаў, Я.Краскоўскі і В.Пігулеўскі, які таксама як і Езавітаў у кароткі час ператварыўся ў Латвійскага падданага, стварылі беларускія вучыцельскія курсы, якія пачаліся ўжо з 1921 году.

Беларускі аддзел Міністэрства асветы Латвіі, 1925 год.

Кіраўнік аддзела Сяргей Сахараў сядзіць першы злева, у цэнтры - Кастусь Езавітаў.

 


На гэтых курсах, на якія хадзіла значная частка вучыцялёў расьсейскай нацыянальнасці, было ўведзена і навучаньне географіі Беларусі А.Смоліча, каторы лектар гэографіі А.Якубецкі радзіў курсантам мець. У памянутай кніжцы паміж іншым гаворыцца, што "кожны ведае, што для нас, беларусаў, Бацькаўшчына ёсць беларуская зямля, на якой мы самі жывём, дзе жывець беларускі народ, да якога мы належым. Гэографія Бацькаўшчыны ёсць гэографія Беларусі".

На 4-ай старонцы ў стацьці "карта Беларусі" сказана :"Праз паўночную Беларусь цячэ Дзьвіна. Праплыўшы міма Полацку, гэтае калыскі старое беларускае дзяржаўнасьці, ды міма грознае крэпасьці Дзьвінску, яна ўваходзе ў зямлю Латышоў.

Умовы міру, якімі скончылася усясьветная вайна, што вялася праз шэсць годаў на нашай зямлі, падзялілі Беларусь паміж 5-ма дзяржавамі, Латвія атрымала пагранічныя землі, Дзьвінск, Ілукштанскі, Дрысенскі, Себежскія паветы, усяго прыблізна 6000 квадратных вёрстаў са 150000 беларускага насяленьня. Такі палітычны падзел не апіраецца ні на якія гэографічныя асновы. Межы новых дзяржаў праведзены па жывому целу Беларусі. Гэты штучны падзел мы ў далейшым выкладзе ня будзем.

Па словам П. Паўчара гэтыю літэратуру і карты ён атрымаў у Рызе ад К.Езавітава, які даручыў яму яе распаўсюджываць.

Калі ў красавіку месяцы 1923 году К.Езавітаў быў назначаны дырэктарам Люцынскае беларускае гімназіі, туды, працай апошняга, была ўнесена палітыка. Ён зайшоў так далёка, што ў клясе ў часе лекцый вучні чыталі беларускія газеты, каторыя ён ім даваў.

24 сакавіка 1923 году Дзьвінская беларуская "Бацькаўшчына" атрымала ад Праскага беларускага студэнства гэткую тэлеграму:
"Сьвяткуючы 25-е сакавіка, шчыра вітаем. Хай жыве Незалежная Непадзельная Беларусь!"

З ведама кіраўніка Беларускага Аддзелу пры Міністэрстве Прасьветы Латвіі С.Сахарава ў часе 1922 /23 году і нават пазьней, беларускім школам у Латгаліі была выслана і тамака 2 гады ва ўсіх беларускіх школах была ў карыстаньні, як вучэбная дапамога, памянутая карта Беларусі, падручнік гэографіі Беларусі А.Смоліча і кніжка "Беларускі календар на 1922 год", у якім паміж іншым сказана, што да Беларусі належыць разам з другімі і Віцебская губерня.

У 1922 годзе, увосень, у Люцыне карту Беларускае Народнае Рэспублікі, друкаваную на жоўтых паштовых картках, распаўсюджваў С.Сахараў. Такія- ж карткі ён у памянуты час даў у памятку І.Паўлоўскаму, Л.Тамашыцкаму і іншым. У С.Сахарава бачылі беларускі календар на 1922 год і брашуру Доўнар Запольскага "Асновы дзржаўнасьці Беларусі", якую ён, па яго тлумаченьню, атрымаў ад К.Езавітава.

Каляндар памянутага абразцу Сахараў у 1922 годзе прадаў жыхарам Янавольскае воласьці. У К.Езавітава бачылі падручнік гэографіі Смоліча і ў вялікім ліку часопіс "На чужыне" 1921г., якую ён распаўсюджваў у Дзьвінску, куды прыязджаў для закладаньня "Бацькаўшчыны", таксама як і прыблізна 20-30- паштовых картак, на каторых была намалявана карта Беларусі з надпісам "Беларуская Народная Рэспубліка".

Акурат такую-ж карту ў канцы 1922 г. Езавітаў даў вучыцелю беларускае школы Прыдруйскае воласьці ў весцы Зяленчыкі А.Цімаховічу.

К.Езавітаў у гутарцы выказаўся, што будучая Беларусь абойме Люцынскі, Рэжыцкі і Ілукштанскі паветы.

На агульным сходзе сяброў "Бацькаўшчыны" ў Люцыне як Езавітаў, так і С.Сахараў казалі, што цэнтр "Бацькаўшчыны" знаходзіцца ў Менску. У бібліятэцы Люцынскае беларускае сярэдняе школы ў 1924 годзе была часопісь "На чужыне" і "Беларускі календар на 1922 г."
У канцы лета 1923 году Я.Краскоўскі ў Дзьвінску даручыў К.Багінскай прадаваць вучням рожныя падручнікі, між каторымі знаходзіўся і падручнік гэографіі Смоліча, пры чым прададзена прыблізна 50 кніжак.

На вучыцельскіх курсах і лекцыях у Люцынскай сярэдняе школе К.Езавітаў паказываў часопісъ "На чужыне" і казаў, што Беларусь абойме часткі Латвіі, Літвы і Польшчы, што трэба імкнуцца аб'яднаць усе вокругі, насялённыя беларусамі і браць прыклад з Латвіі, якая дасягла самастойнасьці.
Гэографію ён навучаў па падручніку Смоліча і пры гэтым тлумачыў, што Беларусь падзелена паміж многімі дзяржавамі і што Латвія адабрала ў Беларусі Дзьвінск, Ілукштанскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы, якія павінны быць далучаны да складу Беларусі.

Адзін экземпяр часопісі "На чужыне" ў пачатку 1924 года К.Езавітаў даў С.Казека. На лекцыях па гэографіі ў Люцынскай гімназіі вучыцель С.Казека ў 1923 годзе пры выкладаньні гэографі па падручніку Смоліча тлумачыў вучням, што ў будучыне Беларусь ахопіць часткі Люцынскага і Рэжыцкага паветаў і ўвесь Дзьвінскі павет.

Я.Краскоўскі на вучыцельскіх курсах у 1923 годзе ў сваіх лекцыях па гісторыі Беларусі шмат разоў казаў, што пажадана стварыць самастойную Беларусь і ў часе лекцыяў выказываў сваю думку, што Беларусь ёсьць там, дзе жывуць беларусы.

На вучыцельскіх курсах у 1923 годзе А, Якубецкі чытаў гэографію Беларусі па падручніку Смоліча і растлумачыў, што Беларусь пасля вайны падзелена паміж 5-ма дзяржавамі і што Латвія адабрала ў яе тэрыторыю Ілукштанскага, Дзьвінскага, Люцынскага і Рэжыцкага паветаў, што для такога разьдзелу Беларусі няма ніякіх гэографічных падставаў і што вышэйпамянутая тэрыторыя павінна належаць да Беларусі. Беларускай мяжы па словам Якубецкага, у аднашэньні да Латвіі трэба было йсьці ад Нова-Аляксандраўска на крэпасць Дзьвінск, адтуль на Краслаўку і ад апошняе на Корсаўку і, што Латвія адабрала частку Беларусі.

Пры выкладанні гэографіі ў часе 1922-1924 годы, калі Якубецкі карыстаў як вучэбную дапамогу, карту Беларусі 1919 году, (якая пры вобыску знойдзена ў яго), на якой ня зроблены ніякія папраўкі. Па гэтай карце, што знаходзіцца ў падручніку Смоліча, вучням трэба было маляваць карту Беларусі.
У канцы 1922 году і ў пачатку 1923 году вучыцелька Дзьвінскае сярэдняе беларускае школы П.Мядзёлка-Грыб дала вучыцелю Прыдруйскае пачатковае школы на патрэбы школы некалькі кніжак і 2 карты 1919 году па гэографіі Беларусі. У ліку дадзеных кніжак была тая-ж гэографія Смоліча.
Вучыцель беларускае школы Прыдруйскае воласьці ў вёсцы Шнёкава М.Талерка ў 1923-1924 гадох на лекцыях гэографіі карыстаў карту Беларусі 1919 году, каторая вісела на сьцяне і тлумачыў вучням, што хутка тутака будзе Беларусь, і што Латвія добрахоць аддасьць тэрыторыю, належучую Беларусі.

Вучыцель спеваў Люцынскае пачатковае і сярдняе школы М.Іваноў навучаў беларускаму рэвалюцыйнаму гімну:

"Адвеку мы спалі і нас разбудзілі.
Мы знаем, што трэба рабіць:
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў пабіць.
Што гэта за марная доля няшчасная,
Бяз хлеба, бяс грошаў працуй.
Усюды ганаюць, усюды сьмяюцца,
Ну проста хоць крыкні "ратуй".
Сьмяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца панамі іх зваць.
Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня будзем
І пойдзем мы долі шукаць.
Мы дружна паўстанем з касамі, с сярпамі
Прагонім зямлі палачоў,
Няхай нас спаткаюць палямі, лясамі,
Грамады працоўных людзёў."

У 1923-1924 г.г. ён паказываў вучням часопісь " На чужыне" і на лекцыях казаў вучням, што кожны расеец ці паляк, які радзіўся ў Латвіі - беларус.

21 лістападу 1921 году ён заклаў у Люцынскім павеце ў вёсцы Старая Слабада Т-ва "Бацькаўшчыну".
Вучыцялі А.Махноўскі, Э.Вайводзіш і Г.Сушынская дзеяльна агітавалі паміж вучнямі і казалі, што тутака нашая Бацькаўшчына нашая матка Беларусь, што Пустынская волосьць і Дзьвінск будуць уключаны ў Беларусь і што ў гэтай воласьці будзе Беларусь, аб чым Г.Сушынская нават адчынена казала ў Пустынскай валасной радзе.
Вучыцелька Талоеўскае беларускае школы Прыдруйскае воласьці Л. Габран у 1924 годзе гэографію выкладала па падручніку Смоліча і па карце Беларусі 1919 году, павешанай у класе, і тлумачыла вучням, што на карце намалявана Беларусь, што Прыдруйская воласьць належыць Беларусі, - што тутака хутка будзе Беларусь, якая сюды прыйдзе з вайной, і што Дзьвінскі і Люцынскі паветы будуць належаць Беларусі.
В.Пігулеўскі і таксама другія з правадыроў беларускага руху, казалі, што стварэньне самастойнае Беларусі больш ня ёсьць зданьне, што ўжо цяперака Радавая Расея дала аўтаномію той частцы Беларусі, якая знаходзіцца пад Радавай Расеяй, што таксама ўжо ў Польшчы дасягнута некаторая свабода і што гутараць ужо аб беларускай аўтаноміі ў Польшчы.

( Працяг будзе)


« « back

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta