Беларуская школа акрэдытавана на максімальны тэрмін - шэсць гадоў!
23 студзеня 2009, 21:44
19 мая ў школах Латвіі прагучаў апошні школьны званок. Ён абвясціў аб заканчэнні заняткаў, а таксама нагадаў аб тым, што наперадзе адказная пара - выпускныя экзамены.
Асабліва святочна гучаў ён для калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы. Менавіта ў гэты дзень сталі канчаткова вядомыя вынікі атэстацыйнай камісіі, якая згодна Закона аб адукацыі Латвіі, павінна была разглядзець працу калектыву школы, каб вынесці рашэнне аб яе чарговай акрэдытацыі.
З гэтым адказным экзаменам, ад якога залежаў лёс не толькі школы, але і беларускай асветы ў Латвіі ўвогуле, беларускія педагогі справіліся паспяхова. Рыжская беларуская асноўная школа атрымала чарговую акрэдытацыю на максімальна магчымы тэрмін у адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам - на шэсць гадоў. Гэта азначае не толькі тое, што да 2013 навучальнага года школа будзе навучаць беларускіх дзецей, жыхароў латвійскай сталіцы. Гэта дае надзею спадзявацца, што ў беларускай школы ёсьць будучыня. І, магчыма, не за гарамі той дзень, калі апошні школьны званок будзе гучаць не толькі для нашых дзевяцікласнікаў, але і для выпускнікоў беларускай сярэдняй школы.
Адначасова з акрэдатацыяй школы праводзіцца і атэстацыя кіраўнікоў навучальных устаноў. Нашы шчырыя віншаванні дырэктару Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганне Уладзіславаўне Іванэ. Свой галоўны экзамена педагога і кіраўніка, яна вытрывала з годнасцю. Сведчаннем таго - таксама права на працягу максімальна магчымага тэрміну - шасці гадоў займаць дырэктарскую пасаду, што засведчана вынікамі праверкі.
Наперадзе ў выпускнікоў Рыжскай беларускай асноўнай школы - цэнтралізаваныя дзяржаўныя экзамены. Віншуем калектыў школы з паспяховай акрэдытацыяй і жадаем беларускім школьнікам поспяховай здачы выпускных экзаменаў!
На здымках:
Апошні званок для выпускнікоў 2007 года