Таварыству беларускай культуры ў Літве - 20!

29 студзеня 2009, 13:37


Яны захоўваюць беларускі дух

У суботу, 30 жніўня 2008 г. Таварыства беларускай культуры ў Літве адзначыла свой двадцацігадовы юбілей. Так, ужо два дзесяцігоддзі гэтая арганізацыя рупліва шчыруе на ніве беларушчыны і яе захаваньня ў Літоўскай Рэспубліцы. Сёньня так ёсць, што дарагая кожнаму беларусу Вільня, з кожным днём усё больш і больш аддаляецца ад Беларусі і беларуская прысутнасьць менш і менш заўважная ў гэтым Вечным Горадзе. І таму з кожным разам становіцца складаней захоўваць беларускі дух гэтага месца. Але як бы там не было, у Літве ведаюць, што ёсьць беларусы не толькі як мінулае, але як і рэалія найноўшай гісторыі, дзякуючы высілкам сяброў Таварыста і яго нязменнага кіраўніка Хведара Нюнькі.

20 год таму сабраліся віленскія беларусы, каб арганізавацца ў таварыства з тым, каб захаваць беларускую Вільню з яе героямі, дзеямі і прабегшымі днямі. Гэта быў той час, калі рушылася імперыя і народы атрымалі магчымасьць не толькі на сваё нацыянальнае самавызначэньне, але і на пабудову сваіх дзяржаў. Беларусы не засталіся ў баку. Сёняшняя Беларусь, хаця і далёкая ад Беларусі, але так ці іначай яна існуе на палітычнай мапе свету і сведчыць чалавецтву аб быцьці беларусаў як нацыі. Вільня застаецца ў межах Літвы. І тут варта зазначыць, што і беларусы ўнесьлі значны ўклад у здабыцьцё незалежнасьці Літвы: 10 беларусаў узнагароджаны мэдалямі за ўдзел у барацьбе за самастойнасьць гэтай краіны.

Ля вытокаў стаялі: Хведар Нюнька, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зоська Верас, Кастусь і Леакадыя Шышэі, Лявон Кароль,Аляксей Анішчык , Мікола Рулінскі і інш. Яны былі першымі пасьля 50 год забыцьця, хто ўзяўся за адраджэньне беларускасьці ў гэтым краі.

Дзякуючы стараньням ТБК у Вільні ўсталяваны помнікі на могілках беларускіх дзеячоў, адкрыты мэмарыяльныя дошкі, прысьвечаныя дзеячам беларушчыны: Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Рыгору Шырме, Янку купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Пятру Сергіевічу, Натальлі Арсеньевай, Адаму Станкевічу, Максіму Гарэцкаму... І сёньня блукаючы завулкамі старое Вільні не толькі адчуваеш гэты беларускі дух, але бачыш і вонкавыя знакі, сляды тае слаўнае гісторыі.

Намаганьнямі Таварыства і яго старшыні Хведара Нюнькі ў Вільні адчынена беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны, якая лічыцца працягам Віленскае гімназіі, зачыненай бальшавікамі. У Віленскім педагагічным унівэрсітэце створана катэдра беларускай мовы.
ТБК правяло тры канферэнцыі беларусаў Балтыі. Пастаянна праводзіць пікеты каля Расейскай і Беларускай амбасад, пратэстуючы як супраць рэжыму Лукашэнкі, так і імперскай палітыкі Расеі
.
І тое, што ў гэтым годзе сябры ТБК былі запрошаны на сустрэчу з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі і атрымалі віншаваньні з нагоды 90-годдзя абвяшчэньня БНР сведчыць, што Літоўскі ўрад беларусаў Літвы рэпрэзэнтуе ў вобразе Таварыства беларускай культуры. Сяброў Таварыства прымаюць на высокім узроўні палітыкі розных краінаў. І гэта яшчэ адно прызнаньне тых, хто стаіць на абароне свае мовы, гісторыі, культуры.

Таварыствам выдадзены не адзін дзесятак кніг, сабраны багаты архіў па гісторыі Беларусі і Літвы.

ТБК прыняло ўдзел ва ўсіх з'ездах беларусаў сьвету. Мае вельмі цесныя кантакты з беларускімі дыяспарамі як блізкага, так і далёкага замежжа.

20 год - гэта цэлае пакаленьне, гэта ўжо той час, каб асэнсаваць, што здзейсьнена і з чым ісьці далей. А зроблена, як бачым шмат: беларусаў ведаюць, аб іх прынамсі чуюць, яны навучыліся бараніць свае правы і інфармаваць сусьветную супольнасьць аб сваіх праблемах, аб тым, што гіне нацыя, мова, культура. І таксама яны навучыліся і рабіць. Доказам гэтага ўсё вышэйпералічанае.

У прыгожай зале (аздабленьнем якой займалася мастачка Крысьціна Балаховіч) вядучыя Леакадыя Мілаш і Артур Яўмен абвесьцілі аб адкрыцьці ўрачыстага мерапрыемства.

Распачалі яго хвілінай маўчаньня, ушаноўваючы памяць тых сяброў, якіх ужо няма, якія ў нябеснай Беларусі сьняць сны аб Вольнай і Сьвятой Бацькаўшчыне. Так, сярод нас ужо няма: Лявона і Юркі Луцкевічаў, Леваніда Караля, Кастуся Шышэі, Аляксея Анішчыка, Міколы Рулінскага, Уладзіміра Кузменкі, Гэнрыка Астроўскага, Валеры Місюка.

На святкаваньні прысутнічала шмат шаноўных і знакамітых асобаў, тых, што твораць сёняшнюю гісторыю Беларусі: Уладзімір Арлоў, Уладзімір Колас, Анатоль Белы, Валдас Банайціс, Зінаіда Бандарэнка, Кася Камоцкая, Уладзімір Хільмановіч, Юры Бандажэўскі, Алесь Смалянчук. Кожны з іх распавядаў аб сваім бачаньні Вільні, месца ў ёй беларусаў, аб лёсе Бацькаўшчыны. І ніводнага з іх не пакідала вера ў тое, што ў хуткім часе ўсе сустрэнемся ў вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, беларускай Беларусі.

Выступаючы, сябры Таварыства (Сяргей Карабач, Крысьціна Балаховіч і другія) распавялі аб дзейнасьці ТБК, аб становішчы беларусаў віленшчыны і аб іх гісторыі. Аб стварэньні гэтае арганізацыі больш падрабязна распавёў яе старшыня Хведар Нюнька. У іх прамовах канстатавалася, што беларусы сапраўды засталіся забытымі і не патрэбнымі. Яны не маюць ніадкуль падтрымкі і ўсё трымаецца выключна на адным энтузыязьме. Тыя ж самыя літоўцы не вельмі хочуць дапамагаць беларусам, а часам нават адчуваецца і варожае стаўленьне. Як спадар Хведар узгадаў адзін выпадак, калі беларусы дамагаліся стварэньня беларускай школы, то міністар адказаў, што калі тыя хочаць беларускай школы, то няхай едуць у Беларусь. Шмат праблемаў ёсьць і сёньня. Гэта і стварэньне музея Якуба Коласа, якое ўжо цягнецца другое дзесяцігоддзе, і аднаўленьне музея Луцкевічаў, якое таксама, не ведама па якіх прычынах, не атрымліваецца.
Але гэта не прычына, каб складаць рукі, жыцьцё паказвае, што нічога не даецца лёгка. Трэба проста рабіць справу, і тады будуць вынікі, спадзяюцца сябры таварыства.

На заканчэньне святочнай праграмы, сябра таварыства Андрусь Старавойтаў праспяваў патрыятычныя песьні, Вера Хамянюк прачытала свае вершы,Тацьцяна Райнене прадэклямавла "Тарас на Парнасе", выступіла таксама народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, а сама праграма закончылася пад жывы голас Касі Камоцкай.

Час ідзе. І Беларусь, якую ўкрыжавалі, растапталі і занядбалі - уваскрэсне. І думаю, не апошні ўнёсак у гэта ўнесло Таварыства беларускай культуры ў Літве, галоўная задача якога, захаваньне беларускага духа Віленшчыны.

Алесь Адамковіч ,
Вільня

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta