"Ад Ліга - да Купалы"

23 студзеня 2009, 21:47


Упершыню Венспілс святкаваў Купалле тры гады назад, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка "Спадчына". У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на узбярэжжы Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вентспілс - горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурса удзельнікаў "Еўрабачання", парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з'язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб да беларускай культуры дачыніліся не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.

Тры дні на вуліцах і плошчах Венспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад расквеціўся беларускімі нацыянальнымі строямі.

Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай - гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка "А водар радзімы ўсё кліча і кліча", кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.

Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стау адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць спадзяванне, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Ва ўсялякім разе выкладчыца беларускай мовы універсітэта Таццяна Бучэль ускладае на гэта надзею. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу - славуты верш "А хто там ідзе" прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.

Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы.Творчыя калектывы змянялі адзін другога. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі - разам з гаспадарамі свята гуртам "Журавінка" спявала "Надзея" з Рыгі, - але і з суседняй Эстоніі. Эстонскіх беларусаў прадстаўляў гурт Беларускага-Эстонскага Згуртавання "БЭЗ" з Кохтла-Ярве . Але самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. Магчыма, у першы раз горад на ўзбярэжжы Балтыкі пачуў, як на яго вуліцах гучаць беларускія цымбалы, ды не адны, а цэлае сугучча. Сапраўдным падарункам стала выступленне на свяце аркестра беларускіх музычных інструментаў "Ліра" з Мінска.

Дні беларускай культуры ў Венспілсе праводзяцца на прыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга - так латышы называюць свята сонцастаяння, - адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з'яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. "Ад Ліга да Купалля" - такі дэвіз беларускіх дзен культуры.

Вентспілчане і госці маглі пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Купалля менавіта беларусамі.А тон на Купаллі задавала "Жытніца", самабытны беларускі калектыў з Магілёўшчыны, якая завітала ў Латвію, каб разам з землякамі адзначыць Купалле, паказаць жыхарам Курзэме, як спрадвеку спраўлялі гэта свята іх суседзі-беларусы.

У багатай скарбонцы «Жытніцы» прыпасена не адна купальская песня, а якія карагоды вадзілі кабеты з Магілёўшчыны, якое захапленне выклікалі музыкі, асабліва самы юны з іх - Арцём Ваакс!

Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым дабразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры , - і наздзвычай музычным. Наша шчырая падзяка кіраўнікам «Жытніцы» Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву «Жытніцы» за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся з імі традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны «Жытніцы» за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілеўшчыны.

І яшчэ адна аналогія. Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка «Спадчына»не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не такі вялікі высілак - у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіазм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацыях, як Латвіі так і Беларусі.

Жыхары самадзейнага, вясковага калектыву з Магілёўшчыны прадэманстравалі такое майстэрства, такую адданасць беларускай культуры, якую мы даўно не бачылі. І больш яскравай прапаганды таго, як шануецца народная спадчына, чым выступленне калектыву звычайнага сельскага Дома культуры, і ўявіць цяжка. Нездарма арганізатары свята запрашаюць на наступныя Дні беларускай культуры - 2008 ў свой цудоўны горад на беразе Балтыкі і іншыя творчыя калектывы з Магілеўшчыны. "Спадчына" і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў будуць рады ўбачыць у сябе ў Вентспілсе на Днях беларускай культуры мастацкія калектывы не толькі з Беларусі, але беларускай дыяспары ўвогуле.

Да сустрэчы ў Вентспілсе!

Перадачу, прысвечаную Дням беларускай культуры ў Вентспілсе, слухайце ў нашай праграме на канале "Домская плошча"


Таццяна Касуха

На здымках Георга Астапковіча:

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta