Ліепайчанін Станіслаў Бабкевіч - у альманаху "Беларус"

23 студзеня 2009, 12:08


Выйшаў у свет другi нумар лiтаратурнага альманаху-штогоднiку «Беларус». Як пiша ў прадмове Лявон Юрэвiч, «альманах стаўся амаль адзiнай магчымасцю для беларускiх аўтараў на эмiграцыi засведчыць сваю цiкавасць да творчасцi ў роднай мове, зразумець, што ты не адзiны ў гэткiм сваiм памкненнi рэалiзаваць сябе ў лiтаратурнай беларушчыне».

Безумоўна, радуе, што i на старонках новага нумару альманаху надрукаваны творы сябра суполкi «Мара» Станiслава Бабкевiча,    які браў удзел i ў першым нумары «Беларуса». На гэты раз Стас таксама прапануе сваiм землякам як вершы, так i прозу.

У паэтычных радках ён звяртаецца да спадчыны, да матчынай мовы. Яго хвалюе, што суайчыннiкi забываюць роднае слова, што сам на радзiму часцей вяртаецца толькi ў думках. Вядома, у расстаньнi ўсё адчуваецца больш востра i шчыра, а на адлегласцi ўсё бачыцца больш пiльна. Сваiмi думкамi i пачуццямi Станiслаў шчыра дзелiцца з землякамi.

Два апавяданнi - «Здраствуйце!» i «Скальп бледнатварага, цi Карона фараона» - гэта цiкавыя малюнкi жыцця нашых шчырых беларусаў. Аўтар ёмкiмi штрыхамi перадае iх характары, быт, звычаi.

Прапануем вам, паважаныя чытачы, творы нашага земляка, якія надрукаваны ў альманаху «Беларус».

Валянціна Грыбоўская,

Ліепая


          Матчына слова

"Не сядзі, сыночак любы, на парозе,-

Ня зыйдзеш век і не пазбавішся дарогі",-

Ня раз матуля сумна мне казала так.

На ганак родны не ступаюць ногі,

А ён стаіць, стаіць у маіх вачах.


Я нахадзіўся і даволі - хопіць, годзе!

Галоў б сваю схіліць пры роднай хаце,

Вады жывой папіць з калодзежа ўранку...

Ды не адчыне насьцеж дзьверы ўжо маці,

Як бразну брамкай, не сустрэне каля ганку.


Сюды б ісьці мне пры любой нагодзе,

Ды ўсё парой знаходзілася штосьці -

Абставіны жыцьцёвыя, якая недарэчнасьць,

І зноў да маці не трапляў я ў госьці,

Ня дбаў я часам маладым пра вечнасьць.


Цяпер ляцеў бы, ды вока ўжо не знойдзе

Якіх прыкмет учора згасшага сьвятла,

Дзе цепліўся агеньчык матчынага слова

І нетаропка з сэрца ў сэрца гутарка цякла.

...Жыў буду я, то дзецям перадам усё нанова.

               ххх

Станіслаў Бабкевіч: "Здравствуйте!"

Кастрычніцкія святы гэтым годам выдаліся на сярэдзіну тыдня. Я выкарыстаў свае адгулы, хоць майстра і ўпіраўся, здаў кроў, выхадныя з аднаго боку, з другога, - і цалкам таго меў дзевяць дзён на сваім рахунку: бацькам каля хаты дапамагчы ды свіных плячэй прыдбаць.

З Мінску да Маладэчна дабраўся электрычкай. Адтуль дадому ранішнім дзізелем. На станцыі мне пашанцавала, - стары Вінцусь забіраў пошту і згадзіўся мяне падкінуць.

Пошту ён вазіў даўно. Памятаю, я яшчэ ў школе вучыўся. А ўжо адслужыў, парабляў у калгасе і трэці год працую на трактарным.
- Усё, Антоська, апошнія разы еду. Цяпер машынай вазіць будуць. Ды і мне, старому, трэба адпачыць. Лічы ўжо восьмы дзесятак да паловы аджыў. Двадцаць рублёў да пенсіі, канешне, ня лішнія. Ды і конь у руках. Мо яшчэ і вазіў бы, але калі машыну даюць...

Стары быў рады, што ёсьць з кім паразмаўляць і гаварыў сабе ў сваю асалоду. Ведаў, што яго слухаюць, і не намагаўся адказаў. Ды і пытаньняў ня ставіў, ўсё больш апавядаў.

Выехалі на аэрадром, які пралёг паміж станцыяй і мястэчкам.

- Бач, колькі ворнай зямелькі марнуецца!? Былая Аскеркава. До-обра радзіла! За Польшчай амаль пад прымусам дзяржава выкупіла ў яго. Пачалі аэрадром будаваць. Потым Саветы прыйшлі. А ён перад тым якраз пасьпеў у Францыю ўсё перавесьці. Лічы, як зньянацку выйграў!

Стары паштовы конь, каб па чалавечых мерках лічыць, дык пэўна таго ж узросту як і яго гаспадар, кавыляў узбочынаў дарогі. Гэта была, нават, не дарога, а так, калія, прабітая трактарамі нацянькі. Калі тая канавіна станавілася заглыбокая для "беларусоў", то трактарысты білі побач новую. Прастору хапае!

Паштавозка ўяўляла сабою скрыню. Амаль звычайную. На якой з палёў звозяць буракі ды бульбу. Проста ахайная. Чыстая: выцертая пасылкамі, мяшкамі з газэтамі і пісьмамі, галіфэ і фрэнчам вазьніцы ды штанамі выпадковых седакоў. Такіх як я.

Стары Вінцусь апранаўся як і іншыя вяскоўцы яго ўзросту напрыканцы шасьцідзесятых у нашай мясцовасьці, дзе свой адбітак у адзеньні тутэйшых жыхароў на дзесяцігодзьдзі наперад пакінула даваеннае польскае войска.

Калі выбухнула Другая Сусьветная, драпежнікі з абоіх бакоў разарвалі напалам, як Тузік анучу, так трывала, здавалася, ўсталяваўшуюся Польшчу. І, калі недастроены аэрадром і склады вакол яго, поўныя амуніцыі, на які момант апынуліся без нагляду, то...

То таго было дастаткова, каб сёньня бачыць у Вінцуся пад плашчом суконныя галіфэ і фрэнч з накладнымі карманамі на грудзях і з бакоў. Крэпкае сукно, добра насілася! У мястэчску ўжо ня часта можна было бачыць такі парад, а ў навакольных вёсках - звычайная вопратка. Ні дажджу, ні сьнегу не баіцца.

- Бач, цыстэрны: "запасны аэрадром", во! У тым годзе керасін мянялі, дык адна машына засела ў Малым мастку на Туркаўской дарозе. Недзе везьлі загнаць, пэўна, праз лес. Ну і праваліліся. Бервяно ляснула. Дзіва што, - цяжар такі! Дык што ты думаеш яны сатварылі? А ўвесь керасін у ручай спусьцілі! У марцы тое было. А раптам і лёд на рацэ падняло. На тры вярсты вакол усе берагі былі дохлай рыбай і жабамі пакрыты. Каб гэтым нехрысьцям пакою не было ні на тым ні на гэтым сьвеце!

Стары апавядаў. Я, хоць добра ведаў гэту гісторыю, але не перабіваў яго. Ківаў і думаў аб сваім. Думаў: калі і як скончыцца ўсё гэта?! Вайскоўцы выпусьцілі газу. Побач з калгасных кароўнікаў плыве ўсё ў тую ж канаву. Мала таго, дык ля самай гэтай канавы насыпалі вялізную кучу калійных угнаеньняў. Дажджамі ўсё змываецца ў гэты даўно ўжо мёртвы прыток ракі. Па рэчцы ад яго на кілометры ідзе смурод, і даўно ўжо мястачкоўцы забыліся вудзіць побач рыбу. Тым больш купацца.

А можа і не забыліся, ды не хацелі ўспамінаць..
.
Бацьку калі казаў пра гэта, то ён маўчаў і супіўся. А калі я заявіў, што трэба ў газету напісаць, дык ён зыркнуў на мяне з нейкай ня то са злосьцю, ня то з крыўдай і абурэньнем, вышчырыўся:
- Ды маўчы ўжо, заступнік! Праз год як адслужыў уцёк у горад, а мне тут жыць.

Так, бацьку тут трэба было жыць. У балоце. Сярод смуроду і бруду. І моўчкі. А што зробіш? Пугай абух не пераб'еш...

Я паглыбіўся ў свае думкі і перастаў на нейкім месцы чуць старога. Ён гэта заўважыў і чакаў пакуль я ачуняю.

- Ну што, хлопча, задумаўся?

- Ды вось прыгадваю як да дзяўчыны ў суседнюю вёску па гэтай гразі мясіў. І не сядзелася ж у мястэчку! Пэўна, у клубе дзевак не хапала, - засьмяяўся я.

- Ты гэта, не адкладвай працу на заўтра, гарэлку на потым, а любоў на старасьць! Я да сваёй Манькі, зямля ёй пухам, дык у брод перад Пакравамі праз раку з Барсучыны ў Баркоўшчыну хадзіў.

Вымавіў і заціх. Успаміны ці думкі якія валодалі ім колькі хвілін.
- Пахаваў я сваю Маню, як бульбу бралі. Мех хапянула і асела.

Зноў сьцішыўся. Я ня ведаў што казаць, адчуваў сябе няёмка і не знаходзіў слоў.

- Сэрца, - прагаварыў Вінцусь і ўздыхнуў,.. - Я ўсё жыцьцё курхаю, са дня на дзень зьбіраюся, а яе перажыў. Хто б мог і падумаць!..

Конік плёўся звыклай дарогай. Гаспадар яго зусім не панукаў. Навошта! Што можа, то цягне, дарогу ведае.

Мы з Вінцусем сядзелі на казялку перакінутым цераз скрыню. Ён - уперад, я побач, тварам назад. Так абоім месца хапала. Я адчуў, як худзенькія плечы старога прыгнуліся і галава схілілася на грудзі.

- Вось здам сваю Буланку на мыла і застануся ў хаце адзін. Парсючка на памінкі забілі, - печ паліць нятрэба. Усёй гаспадаркі - тры курыцы і кот. Агарод на наступны год садзіць нятрэба, - не для каго. І што рабіць? І ці дажыву?, - разважаў сам сабе Вінцусь.

Мне не было чаго казаць. Нешта нахлынула на мяне хваляй. Жаль. Жаль аб незваротным. Думалася аб сваіх бацьках: "Ніколі, ніколі не пакіну адных!" Я моўчкі прываліўся плячом да дзеда і нерашуча паклаў руку на плячо.

Колькі праехалі моўчкі.

- А ведаеш, нікому не казаў, а табе скажу. А то памру і ніхто ведаць ня будзе. Ты толькі ня сьмейся і абяцай, што нікому не раскажаш пакуль я жыў.

Змоўк. Разважае. І, раптам, рашуча:
- А, колькі таго жыцьця засталося! Слухай! Знаеш, якая Маня мая была?, - голас акрэп і Вінцусь на імгненьне адчуў сваю каханую побач. - Кроў з малаком! А я - як той штакетнік. А як вып'ю, бывала, ды не - каб я яе, дык - яна мяне! Паваліць, сашчэміць паміж ног і лупцуе. І як падумаю: каб пабачыў хто? І вось пасьля пагалоўшчыны аднойчы сустрэла ў дзьвярах і ўшчаміла - рады няма. А я сьцішыўся і раптам кажу: "Здра-а-авствуйте!". Яна - скок развярнуцца да дзьвярэй, а я - раз - і ў панадворак, і ў пуню. Ну што, кажу, ня сорамна табе? Больш яна мяне не чапала. Я ж не благі быў... Толькі як прыду пад мухай, дык яна: здра-а-авствуйте!

Зноў маўчаў. Устрапянуўся калі ўз'ехалі на брук каля пошты.
- Паўвека, лічы, пражылі. У вайну дзяцей у Германію вывезлі. Мо і жывыя дзе... Мы адныя... І галадалі, і халадалі, а любілі адзін аднаго.

Буланка сама спынілася каля пошты. Я саскочыў на брук, прывітаўся з Зосяй, якая выйшла прымаць пошту, і звярнуўся да старога:

- Дзякуй!
- А няма за што, - адказаў той, - ідзі, Антоська, вунь бацькі твайго ровар за вугол павярнуў, на абед, пэўна, паехаў, якраз сустрэнеш.

- Дзякуй, - яшчэ раз казаў я і адчуваў сябе нечым вінаватым перад сваім суседам старым Вінцусём.

 

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta