Станіслаў Валодзька. Выбранае

18 студзеня 2009, 20:25

Літаратурная старонка

Станіслаў Валодзька. ВЫБРАНАЕ

ЗЕМЛЯКАМ
...паклон аддаці дню...
К.Сваяк

Зноў зямны паклон аддаўшы дню,
Шчыра вас вітаю, як радню:
Многа вас, хто мне - як сваякі,
З кім мяне яднае памяць-ніць,
Мова - кроў духоўная - радніць!..
Тут і праз далёкі далягляд
Бачу добры Мальдзіса пагляд...

Ўдзячны мой паклон святому дню -
Сонечнаму вечнаму агню,
Мой паклон праз далеч, праз вякі
Вам, хто і ў зямельцы - землякі!
Тут нёс дар - айчыне на алтар
Наш зямляк Сваяк - паэт-святар...
Тут хвалу прырода вам пяе -

Дзень паклон свой нізкі аддае!


ПОЗІРК ЕЎФРАСІННІ

З нябёс блакіту
І з нябеснай сіні
Я адчуваю позірк Еўфрасінні,

Што беражэ мяне
Ад злога вока,
Калі ўвесь свет глядзіць, здаецца, воўкам,

Што надае мне
Мужнасці і сілы
Свой крыж нялёгкі несці да магілы.

Дзе рос я
З тых палёў, лугоў расіны
Слязінамі ў паглядзе Еўфрасінні.

Яшчэ і я,
Як і мая Айчына,
Зірнем на свет вяселымі вачыма.

Яшчэ надзея ёсць -
Прыйсці да ладу, -
Не адвядзі, Заступніца, пагляду!

ЖАЎРАНАК

Над роднай вёскай жаўранак трапеча,
Над роднай хатай жаўранак звініць.
Калісь і я, маленькі чалавечак,
З радзімай рос тут, гледзячы ўвысь.

Нібы айчыны сэрца, жаўра б'ецца,
Як ранішняя зорачка трымціць,
Ён з будучым мінулае імкнецца,
З зямлёю неба ніццю парадніць...

Як свята мне, з радзімаю сустрэча,
Вядзе мяне сюды дарогі ніць,
І сэрца маё жаўранкам трапеча,
І ў сэрцы радасць жаўранкам звініць.

Чакае нас усіх дарога ў вечнасць,
Да прашчураў.
І там я буду сніць:
Над родным краем жаўранак трапеча,
Над бацькаўшчынай жаўранак звініць...

ЛЯ СІНЯЙ БУХТЫ

Я тут стаю, нібы ля дошкі вучань,
Са мною побач тут - мая віна,
Дзе паміраў ты, слаўны наш Максіме,
Ты - беларускі Прамэтэю наш,
Не да скалы - да ложка прыкаваны.
Я ведаю, што будзе з года ў год
Вучыць людзей любові да Радзімы
Твой чалавечны велічны агонь.
Не так, як у музей, заходзіць будуць,
А ў храм нібы - у паэзію тваю,
Таму, як вучань, зараз каля дошкі
Табе,
мемарыяльнай,
я стаю,
Таму табе і кланяюся ў пояс.
Мне пырснуўшымі іскрамі з халодных
Каменняў, што вершам высякаў,
Здаюцца зоркі ў небе.
І ля сіняй
Самотнай бухты
На Венеру я
Гляджу ў надзеі: можа ты, Максіме,
Глядзіш таксама на яе здаля...

НА КУРГАНЕ СЛАВЫ АДАМА МІЦКЕВІЧА Ў НАВАГРАДКУ

Я падняўся на гэты Курган -
Над будзённасцю шэрай прыўзняўся.
Са святочнасцю болей спазнаўся
І да Бога наблізіўся там.

Вось ідзе ён, складаючы верш,
Лёс якога выдатна складзецца,
Пакідаючы вотчыну, перш
Трэба ў Свіцязь яму паглядзецца.

І далёка мне стала відно.
І я ўбачыў праз вёрсты з гадамі,
Як дарог беларускіх радно
У свет вялікі выводзіць Адама.

З гаю птушак даносіцца гам.
Услед глядзіць яму вёска Завоссе...
...Быццам птах той высока ўзнёсся,
Я падняўся на гэты Курган.

***
Гады бяруць разбег.
Задумайся глыбока,
Прыгледзься да сябе,
Прыгледзься пільна
з боку
Высокай той гары
Крутой - магілы брацкай!

Гарачая пара
Настала
разабрацца:
Хоць кожны не святы,
Ды ўсе твае пралікі
Вялікія
ў тым,
Што часам ты - двулікі!

Нялёгка быць сабой.
Цяжэй, чым сам, быць лепшым.
Вядзі з сабою бой -

Ў табе твой вораг злейшы!
Ён гнеў твой раздзімаць
Амаль з нічога ўмее!

А ты сябе трымай
Хоць рукі занямелі!
Імкні сябе,
Куды
Сумленне папрасіла б.
Свой шлях трымай, як сцяг.
Хоць - смерць вачмі касіла б!

Калі за праўду йдзеш,
Страшней за ўсё - збаяцца!
Героі за цябе ж -
Гарой
магілы брацкай!

Ну як ты апраўдаць
Надзеі іх не зможаш
І ворага свайго
Зацятатага не зможаш?!

Ні ў якім - не забудзь
Пра доўгі доўг свой самы:
Ты Чалавекам будзь
З апошніх сіл
часамі


ІКОНА

З дзяцінства да слёз мне знаёма
У вочы глядзіць пільна мне
З радзімае хаты ікона
У кватэры маёй на сцяне.

Маліцца на гэту ікону
Да скону мне будзе цяплей.
Бацькі і браты мае колісь
У яе адбіваліся шкле.


А зараз са мной мае дзеці
Глядзяцца ў яе...
Нездарма -
Няма даражэйшай на свеце
І больш цудатворнай няма.
1998

Адчуваю, Айчына,Твой журботны пагляд:
Каб не сталі злачынна
Мы адходзіць назад.

Адчуваю, Айчына,
Твой нялёгкі ўздых:
І калі ўжо мы здзейснім
Наш сапраўдны ўздым.

Адчуваю, Айчына,
Біятокі твае,
Нам людзьмі заставацца б
Колькі сілы стае,

Каб не сталі злачынна
Мы адходзіць назад,
Каб, нарэшце, Айчына,
Твой раз'ясніць пагляд.

МАЕ ЛУГІ

Вечарам, лугі мае, над вамі
Пажар-птушка божая зары
Ад маленства - божае кароўкі -
Божай маёй іскры
так гарыць.

І гайдае зноў мяне, як човен,
Што на ланцугу гадоў
на вас.
На рамонках вецер
тут варожыць:
Ці кахаюць неба і трава?
Толькі я, варожачы, павінен
Абрываць, нібы, пялёсткі,
дні.
Толькі ў кожным дотыку травінак
Столькі дабрыні і цеплыні,
Што жаданне крыкнуць
падмывае
Мне душы збалелай
берагі:
- Не сляды яе ў лугах я гэта
Цалаваў,
А вас, мае лугі!

А мяне, як з месячнага рэбра
Створаная мара
зноў заве!
З лепшаю,
дабрэйшай,
адгавеўшы,
Мне яшчэ шчасліва лугавець!

Вечарам, лугі мае, над вамі
Пажар-птушка божае зары
Ад маленства - божае кароўкі -
Божай маёй іскры
так гарыць!

ЛЯ СЛЫННАЙ РАКІ

1

Сплывае сум-туга з вачэй,
Дзяцінства бачыцца ярчэй,
Як гляну: з мілай Беларусі
Рака праз Даўгапілс цячэ,

Мяне хвалюючы, праз годы,
І праз стагоддзі коціць воды,
Ў якія родны лес глядзіцца
І Віцебск з Полацкам заўсёды...

2
Знайсці прычал свой
лёс Бог даў мне, -
Якая ў тым мая віна?
У той краіне, дзе - Даўгава,
Не ў той краіне, дзе - Дзвіна.

Бягуць мае сыночкі жвава,
І галасочкі іх звіняць
У той краіне, дзе -Даўгава,
І не так часта, дзе - Дзвіна...

...Каб толькі даў Бог чуць,
як слава
Грыміць маёва, -
Не вайна,
І ў той краіне, дзе -Даўгава,
І ў той краіне, дзе - Дзвіна...

ЯНІС РАЙНІС І БЕЛАРУСЫ

Калісьці зяляней была трава,
Блакітней неба і лагодней сонца.
Тут беларусам памагаў трываць
Сам Райніс - наш дарадчык, абаронца,

Ці, можа, што з дзяцінства тут пры ўсім
І песня беларуская запала,
Ці, мабыць, што аб гэтым яго прасіў,
Наведаўшыся ў Латвію, Купала?

Каб тут сабой самімі быць маглі,
Каб тут сваёй не выракліся мовы,
Каб школы беларускія былі, -
У сейме Райніс сцяг трымаў прамовы.

Таму так моцна вестка апякла,
І беларусы плачу не хавалі,
Калі свайго заступніка хавалі:
А хто цяпер нас будзе апякаць?!

Ды зноў трава нам стала зеляней,
Блакітней неба і лагодней сонца,
Бо Райніс там, у чорнай старане,
За нас замовіў перад Богам слоўца...

ЛЯ ПОМНІКА МАЦІ РАЙНІСА Ў ВІЦЕБСКУ

Год нямала з блізкага далля,
Быццам з-пад рукі, з-пад аблачыны
Матухна латвійская зямля
Ў гэты бок глядзіць азёр вачыма,

Дзе да сэрца блізка прыняла,
Як прымае родных сваіх, гэтак,
Маці беларуская зямля
Дарту - маці генія-паэта

Яніса, што ўзяў яшчэ змалля
Дар ад маці шчырасці, сумлення...
Будзь ёй, беларуская зямля,
Мяккай,
Чым латвійская - не меней.

КАСТУСЬ ЕЗАВІТАЎ

Кастусь Езавітаў
Са мной прывітаўся:
- Дзень добры, паэце!
Ну як вы жывеце?
Такіх перамен
прычакалі ў Сусвеце!
А ў краі вось гэтым,
Куды я дастаўся,
Праз годы
З нагоды свайго юбілею, -
Душа замірае -

Як гляну наўкола!
Не трэба мне
Шмат фіміяму з ялеем, -
Скажыце:
Тут ёсць беларускія школы?
Скажыце:
Тут ёсць патрыёты Айчыны,
Хто хрышчаны так
Бліскавіцаю блізкай,
Хто ймкнецца -
У грудзях
з Каліноўскага іскрай?
Без іх Беларусі
ўздым немагчымы.
Аб тым я прашу ўсё
Магутнага Бога,
Каб быў справядлівы да ўсіх,
Хоць і строгі.
Каб церні прыбраў
З адраджэнцаў дарогі,
Каб ім не прыйшлося
Прайсці праз астрогі!..

ПАМЯЦІ СЯРГЕЯ САХАРАВА

Спадар дырэктар, Полацка ўраджэнец,
Культуры беларускай адраджэнец
У Латвіі. Паходню нёс асветы,
Што Беларусь жыве, даказваў свету,
Што нам дагэтуль светла. І сягоння
Мне бачыцца зара вось той паходняй.
Латвійская зямля хай будзе пухам,
Цярпліва нёс свой крыж асілак духу:
Працэсу ў 25-м вынес скруху
І ў 45-м ссылкі завіруху.
І там сваім лячыўся медазборам -
Сабраным у Латгаліі фальклорам...
...Запальваюцца зоркі, нібы свечкі,
А свечкі загараюцца, як зоркі...


ПАМЯЦІ ПАЎЛІНЫ МЯДЗЁЛКІ

Жыццёвыя сцежкі
Паўліны Мядзёлкі...
Парою лёс цешыў,
Парою быў золкі.
У Дзвінску і ў Менску
Гаркоту спазнала,
Аднак і нектару
Сабрала нямала.


Паўліне Мядзёлцы -
Руплівае пчолцы -
Матулінай мовы
Квітнелі ўсе слоўцы.
Таму і Паўлінку, -
Так хораша грала,
У Янкі Купалы
Душа замірала...

У Будславе потым
Спяліла ўспаміны, -
Слязьмі палівала
Мядзёлка Паўліна,
Сваёй Беларусі
Для росквіту
Сілы
У божае Маці Будслаўскай
Прасіла...

...Цяпер на магіле
Паўліны Мядзёлкі,
Як родныя слоўцы
Мядовыя зёлкі,
Як добрыя слоўцы
Аб мілай старонцы,
Што кветкі ўзрасціла
Паўліне Мядзёлцы...

***
Вячку Целешу

Відаць, што Божая рука
Рукой вадзіла мастака,
Што выплывае, як жывая,
Дзяцінства хуткая рака,

І сыплюць фарбаў галасы
Юнацтва родныя лясы,
І праз лугі і сенажаці
Айчыны сцежак паясы.

Не забываецца рука -
Радзімы вобразы стварае.
Вячысты талент мастака
Ў штрыху, у кожнай фарбе грае.

І грае радасці віно
Ў душы,
Святлом Тваім сагрэтай.
О, Беларусь мая, -
ізноў
Я ўбачыць рад Твае
партрэты!
1998

НА СЛЫННЫ ЮБІЛЕЙ ЭДВАРДА ВАЙВАДЗІША

Высокі беларускасці касцёр
Раздзьмуты адраджэння ветрам свежым
Касцёр да неба рукі распасцёр,
Нібы касцёл свае уздымае вежы.

Цяпло ад беларускасці кастра
Нам не скалець, людзьмі быць памагае.
Заранка, быццам родная сястра
Таго кастра, шугае па-над гаем.

Купальскі беларускасці касцёр
Асветнікі распальвалі рупліва,
І Вайвадзіш усё сваё жыццё
Яго ахоўваў, зберагаў цярпліва,

Радкамі паэтычнымі яго
Святочнае гарэнне падтрымоўваў.
І сёння сэрца ў свой сто першы год
Лагодзіць трапяткою роднай мовай...

...Нагнаць спрабуюць цемрашалы страх.
Ўсявышні ж нам акажа дапамогу:
Бо іскры беларускага кастра -
Надзея ёсць - запалі ў сэрца Богу...

НА АДКРАЦЦІ МЕМЕРЫЯЛЬНАЙ ДОШКІ НА БУДЫНКУ,
ДЗЕ ПРАЦАВАЛА БЕЛАРУСКАЯ ГІМНАЗІЯ

1
Прыйшлі на Варшавас,16.
Прайшло колькі летаў і зім.
Калі беларушчыне
наша
гімназія
пела свой гімн.
Прыйшлі на Варшавас,16,
Нібы да Паклоннай гары,
Што стала Галгофаю нашай
Паходняю свечка гарыць.

І слаўныя прадзеды нашы,
Святыя ўсе нашы дзяды
Здалёк на Варшавас,16
Прыйшлі з намі сёння сюды.
2

Асветнікі! Вучымся ў вас
Мінуўшчыны скарб шанаваць -
Дар прашчураў, родную мову,
Каб з прышласцю весці размову.

Каб лепей жыла Беларусь.
І нашы нашчадкі сагрэты
Любоўю Айчыны не раз -
Як вучні, ля дошкі вось гэтай...

НА АДКРЫЦЦЁ НЯДЗЕЛЬНАЙ ШКОЛЫ Ў ДАЎГАПІЛСЕ

Усміхаецца сёння
Святая нядзеля:
У горадзе гэтым
Такая падзея.

Усміхаюцца нашых
Асветнікаў душы,
Што Бог так усцешыў,
Іх просьбы пачуўшы,

Што і беларусы
Тут будуць як людзі,
Бо і школа ў вас
Хоць, нядзельная, будзе

І зараз галоўнае
Жыць іх надзеяй,
Што стане асноўнаю
Школа нядзельная...

 

24 красавіка 2017

-

21 красавіка 2017

-

13 лістапада 2016

-

24 лютага 2017

ШКОЛА ЧАКАЕ БУДУЧЫХ ВУЧНЯЎ


Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы аб'яўляе набор навучэнцаў на 2017/2018 навучальны год

-
Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы:
Рыга, вул. Ілукстэс, 10, LV-1021
Тэлефон для даведак: 67247545

 

v0.1.2-beta