Наталля Камілеўская. Слухаю сваё сэрца
19 студзеня 2009, 11:28
Наталля Камілеўская: "Слухаю сваё сэрца..."
Я нарадзілася 9 сакавіка 1958 года ў Мінску ў сям'і Барыса і Карыны Кастаненкаў.
Мой тата, па прафесіі – ваенны марак, і таленавіты, зараз ужо шмат каму вядомы паэт і літаратар, і мама, філолаг-раманіст, у сувязі з бацькоўскай працай былі вымушаныя часта вандраваць па вялікай краіне. І таму, каб пазбавіць мяне ад непажаданых траўмаў, гадаваць мяне даручылі бабулі – Сафіі Канстанцінаўне, чалавеку сціпламу і памяркоўнаму, з нейкай асаблівай, уроджанай інтэлігентнасцю. Жылі мы недалёка ад Мінску – у Маладзечна.
Там я пайшла ў сярэднюю школу №6 (зараз – англійская гімназія).
Мне з маленства добра даваліся мовы – напэўна, маміна спадчына, але таксама вельмі цягнула да музыкі. І, як большасць дзяцей у той час, я выбрала фартапіяна і пачала наведваць музычную школу. Пасля таго, як я з поспехам закончыла яе – сумненняў куды ісці вучыцца больш не было, свой далейшы лёс я вырашыла звязаць з музыкай..
Беларускую мову пачала вывучаць невыпадкова. У той час было вельмі модна даставаць “вызваленне” ад урокаў “роднай мовы”. Я, як дачка вайскоўца, такое вызваленне магла атрымаць у першую чаргу, але я чамусьці ад вызвалення адмовілася – напэўна, бацькавы гены далі аб сабе ведаць, у выніку я апынулася сярод трох вучняў, якія хадзілі на заняткі беларускай мовы і літаратуры. Астатнія аднакласнікі ад урокаў роднай мовы вызваліліся...
Сваіх першых паэтычных вопытаў я не памятаю, пісала нешта ў школьную газету ды выконвала свае творы на школьных канцэртах, а ў пятнацаць гадоў, калт закахалася ў хлопца са старэйшага класа, прысвяціла яму ўласны вырыянт “Бандароўны” - вясёлую пародыю на класіка.
Апрача любві да музыкі і паэзіі, з самага маленства я адчувала вялікую цягу да ўсяго незвычайнага, чароўнага, прыгожага – вельмі любіла глядзець у неба з яго вялікімі і маленькімі зоркамі і заўсёды верыла, што недзе там жыве Бог. Мяне цікавілі старажытныя храмы, прыдарожныя крыжы і капліцы, якіх шмат захавалася ў заходніх раёнах Беларусі.
Я любіла разглядаць абразы ў вясковых хатах, прыаздобленыя белымі рушнікамі ды кветкамі, пачала захапляцца духоўнай музыкай, арганамі і лацінай, і ў свае паўналецце адчула сябе перакананай каталічкай. Марыла аб нечым у той час зусім немагчымым – быць арганістам у якім-небудзь касцёле. Таму з вялікай ахвотай, калі скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча – зараз музычны коледж імя Агінскага – я паехала працаваць у правінцыю. Там, у невялікім старажытным мястэчку Вянец Валожынскага раёну працавала настаўніцай музыкі, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і вучыла.
А кожную хвіліну свайго вольнага часу ахвяравала на вандроўкі.
Кожную нядзелю я садзілася ў аўтобус і пачыналася Падарожжа. Я вандравала па далёкіх вёсках, дзе былі адчыненыя касцёлы. Там можна было дакрануцца да старадаўніх інструментаў...
Адзін са святароў, айцец Пётр – чавек надзвычай адукаваны і неяк па-асабліваму інтэлігентны, (заўсёды з вясковымі людзьмі размаўляў па-беларуску), пачуў неяк маю імправізацыю, сказаў – паслухай сваё сэрца, калі яно вядзе цябе ў храм, вядзе да Бога - значыць трэба служыць Яму, што я і пачала рабіць у тыя складаныя часы.
У 1980 годзе пасля адпрацаваных абавязковых трох гадоў пасля размеркавання я прыехала да бацькоў у Рыгу.
Пачалося звычайнае, будзёнае жыццё.
Працавала ў школе настаўніцай музыкі, потым у бібліятэцы Медыцынскага інстытута (зараз універсітэт імя Страдыня).
Вучылася ў Латвійскім дзяржаўным універсітэце на гісторыка-філасофскім факультэце, потым і ў Інстытуце катэхетыкі пры Рыжскай духоўнай семінарыі.
У 1989 годзе я ўпершыню прыйшла на сход таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і ад той пары з’ яўляюся яго сябрам.
Негледзячы на тое, што ўсёж-такі галоўнае для мяне – духоўнае жыццё, прымаю ўдзел і ў грамадскім беларускім жыцці. Я ўдзельнічала ў першым з’ездзе таварыства беларускай мовы імя Францішкі Скарыны, была запрошаная на першы з’езд “Бацькаўшчыны”. Была адной з першых настаўніц Рыжскай беларускай школы, выкладала дзецям музыку, кіравала школьным ансамблем.
Ніколі не пакідала сваіх заняткаў духоўнай музыкай – вось ужо дзесяць гадоў дзейнічае наш ансамбль, невялікі жаночы хор пры касцёле Маці Божай Балеснай у Рызе.
Свае вершы я свядома нідзе не друкавала – мне больш падабаецца жывое, у голас чытанае слова. Таму часцей я чытаю вершы са сцэны на розных беларускіх імпрэзах, пастаяна ўдзельнічаю ў аўтарскай праграме “Поэзия любви” на Латвійскім Хрысціянскім Радыё, маю касеты і дыскі з запісамі сваіх паэтычных вопытаў.
Пішу на беларускай і расейскай мовах, некалькі вершаў пераклала на латышскую і польскую мовы.
А ўвогуле, вершы пішу, бо слухаю сваё сэрца, а перш за ўсё сваю душу...